На маю думку адзін з самых адметных і цікавых маёнткаў Ляхавіцкага раёна знаходзіцца ў невялікай вёсачцы Савейкі. Тутака захавалася багатая сядзіба Навіцкіх, шэраг гаспадарчых пабудоў, бровар, пейзажны парк, а таксама раней стаялі файныя скульптуры, якія на жаль з часам звезлі адсюль.

Сядзіба Савейкі
фота 2020 года
Сядзіба Навіцкіх Савейкі
2026 год

Гісторыя сядзібы Навіцкіх у Савейках

Адзін з былых уладароў мястэчка Савейкі, якога варта згадаць, калісьці быў Лявонцій Бенігсен, – прафесійны вайсковец, які рэдка бываў у гэтым краі. Але нягледзячы на ​​гэты факт, мяркуецца што менавіта пры ім пачалося будаўніцтва сядзібнага дома.

Сядзіба Навіцкіх

Ці так гэта, – дакладна ўжо невядома, бо далей гісторыя рухалася наступным чынам. Бенігсен прадае сядзібу ў Савейках і багаты маёнтак пераходзіць да Крыштафа Незабытоўскага, які аддаў гэтыя ўладанні як пасаг сваёй дачцэ Валерыі, якая стала жонкай Канстанціна Рдултоўскага ў 1835 годзе.

Былы санаторый Савейкі

Праўда Канстанцін быў марнатраўцам і ўжо да сярэдзіны 19 стагоддзя амаль цалкам збанкруціў, а сядзібу сваёй жонцы прадаў Гектару з Навіцкіх. Так менавіта з прозвішчам Навіцкіх будзе звязаны далейшы лёс палаца ў Савейках, ажно да 1939 года.

Сядзіба Савейкі
Паркавы бок сядзібы ў Савейках

Сядзіба ў вёсцы Савейкі адносіцца да архітэктурнага стылю класіцызм, але некаторыя часткі адпавядаюць барока, а дзесьці бачны і рысы мадэрну.

Маёнтак Навіцкіх у Савейках

Сам дом аднапавярховы, а ягоная цэнтральная частка мае два паверхі з аб’ёмным балконам і парадным уваходам.

Закінутая сядзіба Навіцкіх

Савейкі закінутая сядзіба

Палац Навіцкіх мае форму прамавугольніка ў цэнтры якога порцік з 8 масіўнымі мураванымі калонамі, устаноўленымі парамі на аднолькавай адлегласці. Порцік служыў крытым навесам для пад’езду карэт, вазоў, брычак.

Палац у Савейках

Прыбудова з левага боку з’явілася значна пазней. Увесь будынак быў накрыты нізкай двухсхільнай страхой з франтонамі па абодва бакі.

Як выглядае палац у Савейках

Старая жырандоль

Унутраная планіроўка і аздоба першапачатковага палаца практычна невядомая, да таго ж сёння ўнутры нічога аўтэнтычнага ўжо не ўбачыш.

Савейкі ўнутры

Сядзіба ў Савейках унутры

З адваротнага боку, ці паркавага, сядзіба выглядае таксама вельмі файна.

Савейкі гісторыя і апісанне

Тут ёсць лесвіца і невялічкі балкон, а вось наколькі ён аўтэнтычны пытанне. На фасадзе дарэчы ёсць лічба “1959”, верагодна – гэта дата, калі пачаў працаваць санаторый у Савейках.

Сядзібны дом у Савейках

Савейкі – бровар і іншыя гаспадарчыя пабудовы маёнтка

Побач з сядзібным домам можна ўбачыць двухпавярховую пабудову – былы флігель. З усіх будынкаў ягоны стан самы горшы – гэта звязана з тым, што абрынулася перакрыцце.

Будынак флігеля Савейкі

Флігель у Савейках

Унутр гэтай пабудовы даклдана лепей не ўваходзіць.

Закінутая сядзіба Савейкі

Ваза Савейкі

Па ўсёй тэрыторыі сядзібнага комплексу можна ўбачыць дзясяткі цікавых элементаў, напрыклад перад уваходам флігеля ўстаноўлена вось такая ваза (фота вышэй). Цалкам імаверна, што яна адносіцца да савецкага перыяду, але выглядае прыгожа нават цяпер.

Наступны будынак прыцягвае ўвагі часта не менш чым сама сядзіба Навіцкіх.

Сядзіба ў Савейках

Што цікава, шмат у якіх крыніцах пабудова згадваецца як жылы дом, што даволі дзіўна. Будынак выкананы ў стылі архітэктуры неаготыка, з такіх жа матэрыялаў што і суседні бровар (мяне гэты факт падказвае, што хутчэй за ўсё гэта нейкае прамысловае збудаванне).

Сядзіба ў Савейках

А вось за савецкім часам будынак ужо выкарыстоўваўся пад жыллё супрацоўнікаў.

Савейкі гісторыя
Будынак з паветра, 2020 год

На тэрыторыі сядзібнага комплексу Савейкі нядрэнна захаваўся бровар 1901 года, – дата будаўніцтва выкладзена на фасадзе будынка. Таксама тут можна ўбачыць ініцыялы Тэафіла Навіцкага, які валодаў гэтымі землямі ў той перыяд.

Бровар у Савейках

Даўжыня бровара прыкладна 44 метры, а шырыня каля 18 метраў.

Бровар у савейках

Гэты будынак у познія савецкія гады выкарыстоўвалі як аптэку, свіран, жыллё і нават завод па вытворчасці свечак.

Мястэчка ў Савейках

Бровар Савейкі

У 2012 і 2013 бровар спрабавалі прадаць, як у складзе сядзібы, так і як асобны будынак, тады пакупніка не атрымалася знайсці, але ёсць чуткі што атрымалася ў 2025 годзе.

Сядзіба Савейкі старое фота
Старое фота, прыкладна 1913 год, здымак афарбаваны ШІ

Скульптуры ў Савейках

Кожны, хто калі-небудзь бываў на тэрыторыі сядзібы Навіцкіх, звяртаў увагу на каларытныя скульптуры ў Савейках. На жаль, гэтыя асаблівыя помнікі прыбралі – іх перавезлі ў розныя іншыя лакацыі (у асноўным у Ляхавічы).

Скульптуры ў Савейках - зубр
Так зубр месціўся злева ад сядзібы
Зубр Ляхавічы
Зубр пераехаў у Ляхавічы, вось кропка – 53.0437134316987, 26.248879107683308

Скульптура аленя стаяла недалёка ад двухпавярховага будынка афіцыны.

Скульптуры ў Савейках

Ляхавічы алень
Алень таксама “пераехаў” у Ляхавічы

Яшчэ вандроўнікаў прама на алеі парка сустракалі Мядзведзікі.

Скульптуры ў Савейках

Скульптура “жанчына з немаўлём” знаходзілася каля неагатычнага будынка, нават пастамент захаваўся.

Скульптуры ў Савейках
Гэты помнік таксама ў Ляхавічах цяпер

З’явіліся гэтыя дзіўныя скульптуры на мяжы 1950-60-ых гадоў, у перыяд калі тут у Савейках працаваў санаторый.

Савейкі гісторыя

І ў завяршэнне аповеда, давайце вернемся да самога палаца ў Савейках і ягонай гісторыі. Навіцкія заставаліся ўладарамі да 1939 года, затым маёнтак нацыяналізаваны. У пасляваенны перыяд будынкі сядзібы былі не ў лепшым стане, але сядзібу вырашалі аднавіць, каб у 1950 годзе тутака размясціць ваенны шпіталь. Затым комплекс аддалі пад патрэбы лагера, ну і апасля тут быў санаторый.

Савейкі poshyk info

Сёння, лёс сядзібы ў Савейках неадназначны. Ужо не раз гэтыя будынкі выстаўляліся на таргі і нават яны прадаваліся, але якіх-небудзь работ па рэстаўрацыі яшчэ ніхто і не думаў праводзіць. З іншага боку: на тэрыторыі ёсць ахоўнік, відавочна праводзяцца ўборкі і большасць пабудоў закансерваваны. Толькі час пакажа што чакае былы маёнтак Навіцкіх. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:

У Савейках ёсць яшчэ адзін малавядомы гістарычны аб’ект – рэшткі капліцы. А недалёка ад гэтай вёскі можна наведаць сядзібу Нача, а таксама шыкоўны касцёл у Мядзведзічах.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here