Маёнтак Савічы належаў роду Вайніловічаў амаль 2,5 стагоддзя, пачынаючы яшчэ з 1662 года. Калісьці гэта былі багатыя землі з выдатнай гаспадаркай, палацам, броварам і вядома пейзажным паркам. Сёння пра тыя далёкія часы ўжо амаль нічога не нагадвае. Але калі ўважліва даследаваць саму вёску Савічы і палі вакол, то мімалётна магчыма ўлавіць старадаўнюю атмасферу гэтага места.


Пачаць даследаваць мястэчка варта з кургана Вайніловічаў, дзе былі пахаваны многія прадстаўнікі гэтага шляхетнага роду. Дарогі да кургана няма, ён знаходзіцца ў чыстым полі, таму раю абраць для паездкі альбо марозны дзень, альбо спякотны і сухі, – ісці давядзецца пешшу.

Цікава, што Вайніловічы з Савічаў не будавалі аніякіх капліц ці хаця б крыпту (як іх сваякі з вёскі Макраны), а хавалі па старых беларускіх традыцыях і абрадах.

На кургане два крыжы, праваслаўны і каталіцкі, усталяваныя яны ўжо бліжэй да 2017 года.

Прыкладна ў той жа перыяд з’явіўся камень у гонар Эдварда Вайніловіча, які дарэчы завяшчаў быць пахаваным менавіта ў Савічах, на кургане продкаў.

Аднак гэтую просьбу так і не змаглі выканаць, бо Эдвард Адамавіч памёр у горадзе Быдгашч у 1928 годзе. Па згодзе ўладаў Польшчы і Беларусі, а таксама пры адабрэнні царквы, астанкі перавезены ў Мінск і ўрачыста перапахаваны ля касцёла Святога Сымона і Алены (фундатарам якога з’яўляўся як раз Эдвард Вайніловіч) у 2006 годзе. Цікава, што ў сталіцы магла нават з’явіцца вуліца ў гонар гэтага грамадскага дзеяча, але на жаль, не склалася.


Шыльда на валуне (дакладней – надмагільная пліта) на здымку ніжэй, знайшлася ўсяго толькі некалькі гадоў таму ў агародзе аднаго з жыхароў аграгарадка Цімкавічы. На ёй надпіс “Antoni Syn Adama. Marszalek powiаtu Sluckіеgour 1773 R» (Антоній сын Адама, Маршалак Слуцкі 1773 год).

Калі з курганам усё зразумела, то знайсці месца дзе стаяў палац у Савічах – будзе складана, бо аніякіх арыенціраў на мясцовасці не захавалася. У пошуках могуць дапамагчы толькі старыя мапы гэтага раёна.

Двухпавярховы палац класічнай архітэктуры пабудаваны ў першай палове 19 стагоддзя, на месцы старой драўлянай сядзібы ў Савічах. Вонкава выглядаў досыць сціпла, затое меў развіты пейзажны парк і багатае ўнутранае ўбранне.

На тэрыторыі палацавага комплексу размяшчаліся розныя гаспадарчыя пабудовы: свіран, стайня, флігель для прыслугі і будынак спіртзавода, руіны якога можна ўбачыць і сёння.

Галоўны фасад палаца вылучаўся порцікам з 3 аркамі і класічным франтонам. Увагу на здымку прыцягваюць своеасаблівыя контрфорсы, уласцівыя больш гатычнай і неагатычнай архітэктуры. Іх прызначэнне не дэкаратыўнае, а цалкам практычнае – устаноўлены з мэтай умацавання падмуркаў палаца.

Нягледзячы на ўсе выклікі гісторыі, Вайніловічы працягвалі пашыраць і развіваць свае ўладанні. Безумоўна ў іх была пэўная занепакоенасць, што пасля паразы паўстання 1863 года маёнтак канфіскуюць, але гэтага не адбылося.

Сапраўдная бяда прыйшла ў 1918 годзе, але яе прадвеснік быў бачны і раней, яшчэ напачатку Першай сусветнай вайны. Так салдаты і пакрыўджаныя сяляне з вёскі Савічы поўнасцю разрабавалі палац.
Сам Эдвард Вайніловіч тады толькі цудам змог уратавацца, але вярнуўшыся ў дом сваіх продкаў быў маральна знішчаны. Тыя самыя вясковыя з якімі ён рос і бавіў усё сваё жыццё – разбурылі ягоны дом. Асабліва балюча было ўбачыць спаленую бібліятэку, дзе захоўваўся архіў з сямейнымі запісамі за апошнія 300 гадоў.

У 1920 годзе Вайніловічы пакінулі Савічы, ратуючыся ад наступу Чырвонай арміі, праўда ўсё яшчэ не пакідае спадзяванне неўзабаве павярнуцца.
View this post on Instagram
Літаральна праз год была падпісана мірная дамова, дзе вызначылі новыя савецка-польскія межы. Гэтая дамова паставіла крыж на планах Вайніловічаў – іх родныя Савічы засталіся за бальшавікамі.

На свой страх і рызыку Эдвард Вайніловіч вырашае пабачыць родны кут у апошні раз. У Савічах ён прабудзе ўсяго пару гадзін, спрабуючы зразумець тое што адбываецца. На той момант, 1921 год, палац ужо быў цалкам разрабаваны, бровар спалены, а парк з векавымі дрэвамі высякаўся на ягоных вачах.
Царкву, якая знаходзілася на ўскрайку вёскі, закрылі ў 1930 годзе і пачалі выкарыстоўваць пад патрэбы мясцовага калгаса як склад.

У 90-ыя, руіны гэтага храма разабралі, зараз на тым месцы ўсталяваны памятны крыж.

Сама вёска Савічы, Капыльскага раёна, сёння выглядае даволі сумна: шмат занядбаных і згарэлых хат, але наведаць гэтае месца раю. Машыну пакінуць можна каля руін бровара і паспрабаваць прайсці да кургана Вайніловічаў, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, то зазірніце ў Капыль і невялікую Янавічы дзе захавалася сядзіба Бжазоўскіх-Яленскіх.










