У паўднёвай частцы Клецкага раёна, на невялікай адлегласці адна ад адной, ёсць некалькі сядзібных комплексаў, у рознай ступені захаванасці. Адзін з такіх маёнткаў месціцца ў вёсцы Янавічы, дзе сёння можна паглядзець былую сядзібу Бжазоўскіх і Яленскіх. Пабудова часткова жылая, але ў той жа час напалову занядбаная. Выглядае як быццам зусім нядаўна тут яшчэ рабілі рамонт, але так і не скончылі.


Сядзіба ў Янавічах у шмат якіх крыніцах звязваецца з прозвішчам менавіта Бжазоўскіх, але верагодна была закладзена яшчэ пры Макавецкіх. Цікава, што прадстаўнікі Бжазоўскіх валодалі маёнткам нядоўга і ўжо ў 1876 годзе комплекс адышоў да роду Піляўскіх. Заблытацца ва ўсіх гэтых пераходах вельмі лёгка. Тым больш што і Піляўскія былі не апошнімі ўладарамі маёнтка, бо з 1910 года, сядзібу “Янавічы” выкупіў Эдвард Яленскі (у яго была буйная гаспадарка ў Тучы). Менавіта з Яленскімі і будзе звязаны росквіт і заняпад Янавічаў.


Пасля 1948 года, у сценах ужо былой сядзібы размясцілі жылыя пакоі для супрацоўнікаў мясцовага калгаса. Унутры дом быў значна перабудаваны, яго ўмоўна падзялілі на 6 частак для 6 сем’яў. Аднак звонку будынак і так бы мовіць ягоны агульны архітэктурны стыль позняга барока, які пераходзіць у класіцызм, – захаваўся.

Дамок аднапавярховы, прамавугольны, сіметрычнай формы. Галоўны фасад вылучаецца своеасаблівай шасцікалоннай лоджыяй, падобныя рашэнні ў сядзібах Беларусі сустракаюцца даволі рэдка.

На тэрыторыі сядзібнага комплексу была і свая капліца-пахавальня, цалкам імаверна, што яе пабудавалі яшчэ ў канцы 18 стагоддзі. На жаль, будынак знеслі ў пасляваенны перыяд, зараз нават складана знайсці месца дзе каплічка дакладна знаходзілася.

У 2008 годзе разабралі на дровы і драўляны свіран першай паловы 19 стагоддзя.

Апошнім уладальнікам Янавічаў быў Альгерд Яленскі. Пасля нацыяналізацыі маёнтка ён быў арыштаваны і адпраўлены ў Архангельск, дзе памёр у 1941 годзе.

Знайсці гэтую цікавостку будзе нескладана: ад Клецка рухайцеся па дарозе H8507 у бок трасы Р43, як толькі цалкам праедзеце вёску Янавічы, то шукайце паварот направа, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Побач з Янавічам мае сэнс заехаць паглядзець сядзібны дом у Стралкава і руіны ў Радзівілімонтах.








