Калі вы ўжо даехалі да Росіцы (а гэта самы край Верхнядзвінскага раёна, амаль што ля мяжы з Латвіяй), то наўрад ці абмяжуецеся толькі знакамітым неараманскім касцёлам. На самой ускраіне вёскі, акурат на маляўнічым беразе мясцовага возера, вандроўнікаў чакае яшчэ адзін вельмі атмасферны і кантрасны аб’ект – руіны праваслаўнай царквы Святой Еўфрасінні.

Росіца руіны

Гісторыя гэтага месца прайшла праз класічныя для беларускіх земляў рэлігійныя трансфармацыі. Усё пачалося яшчэ ў 1778 годзе, калі на сродкі таго самага мецэната Мікалая Лапацінскага (які дарэчы фундаваў і першы касцёл) тут пабудавалі драўляную ўніяцкую царкву.

Вандроўкі па Беларусі Росіца

Аднак у другой палове 19 стагоддзя прыярытэт змяніўся. У сярэдзіне 1860-ых гадоў (найбольш імаверная дата пабудовы гэта 1866 год) на месцы старой драўлянай святыні ўзвялі магутны мураваны храм.

Рэшткі царквы ў Росіцы

Царква была пабудавана ў папулярным на той час псеўдарускім стылі і мела выразныя рысы эклектыкі. Гэта быў сапраўдны архітэктурны гігант: масіўны пяцікупальны сабор з высокай званіцай. Толькі ўявіце, як гэтыя пяць купалаў адлюстроўваліся ў люстэрку росіцкага возера!

xЯк выглядала царква ў Росіцы?

Калі касцёлу ў Росіцы за савецкім часам вельмі адносна “пашанцавала” застацца з дахам, бо там зрабілі клуб і стайні, то праваслаўнаму храму выпаў іншы лёс. У 1935–1936 гадах, у самым разгары савецкай антырэлігійнай барацьбы, царкву зачынілі і разрабавалі. Але на гэтым не спыніліся, бо велічны будынак пачалі літаральна разбіраць па цаглінцы на гаспадарчыя патрэбы. Сцены асноўнага аб’ёму храма былі знішчаны практычна цалкам.

Руины церкви Росица

Заброшенная церковь Росица

Падчас Другой сусветнай вайны і жудасных падзей 1943 года, калі Росіца стала цэнтрам карнай аперацыі, муры пацярпелі яшчэ болей. Сёння ад былога пяцікупальнага сабора застаўся толькі адзіны ярус масіўнай вежы-званіцы, які трымаецца на чатырох магутных апорах. Гэты фрагмент моцна нагадвае нейкую трыумфальную арку, якая цудам перанеслася на поўнач Беларусі.

Царква Святой Ефрасінні Росіца

Калі плануеце маршрут па Верхнядзвіншчыне, абавязкова пакіньце паўгадзіны на гэтую лакацыю. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:

Недалёка можна таксама паглядзець неагатычную царкву ў Сар’і, а яшчэ варта заехаць і да шыкоўнага чыгуначнага вакзала ў Бігосава.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here