У мястэчку з вельмі прыемнай і гучнай назвай Сноў знаходзіцца адзін з найпрыгажэйшых сядзібных комплексаў Беларусі – палац Рдултоўскіх. Сам населены пункт (зараз гэта аграгарадок Сноў) пісьмова згадваецца ўпершыню яшчэ ў сярэдзіне 15 стагоддзя, як частка маёнтка Навагрудскага ваяводства ВКЛ.

Палац Рдултоўскіх Сноў

Першапачаткова гэтыя землі належалі Радзівілам, у якіх у гэтым краі было багата маёнткаў. Ад іх Сноў перайшоў наступным ўладальнікам і гэта былі Гарабурды герба Габданк. А дзесьці ў 1639 годзе, Ян Геранім Рдултоўскі, набыў сноўскую сядзібу ў Ежы Гарабурды. Так пачынаецца гісторыя “зямель Рдултоўскіх” і іхняга палаца ў Снове.

Палац Сноў

Будаўніцтва, гісторыя і архітэктура сядзібы ў Снове

З гісторыяй будаўніцтва палаца багата блытаніны, бо не зусім зразумела калі дакладна з’явіўся той будынак, які мы можам з вамі паглядзець сёння. Асноўная і самая частая версія адсылае нас да 1827 года, па якой адказны за будаўніцтва быў Казімір Рдултоўскі, а архітэктарам праекта выступіў майстар Тышэцкі.

Палац Сноў Напалеон Орда
Сярэдзіна 19 ст., малюнак – Напалеон Орда

Аднак ёсць думкі, што будынак куды ранейшы і ўжо існаваў у сярэдзіне 18 стагоддзя. Так сустракаюцца згадкі, што ў Сноў прыязджаў апошні кароль Рэчы Паспалітай, а гаспадары Рдултоўскія сустракалі яго на ганку багатага палаца. Магчыма – гэта неразбярыха ў датах звязана і з тым, што будынак наўпрост перабудоўваўся.

Славутасці Беларусі

Сямейная рэзідэнцыя Рдултоўскіх, якая прадстаўляла сабой сіметрычную планіроўку, была пабудавана на адкрытай, злёгку хвалістай, бязлеснай мясцовасці, на звілістай рацэ Сноўка, прытоку ракі Ушы. Вялізарны будынак у архітэктурным стылі класіцызм, даўжынёй каля 140 метраў налічваў сотні пакояў і залаў. Крыху дзіўна, але гэты ўнікальны помнік архітэктуры амаль поўнасцю захаваўся да нашых дзён.

Цікавосткі Беларусі Сноў
фота 2026 года

Палац Рдултоўскіх

Дамінантай палаца Рдултоўскіх выступае двухпавярховы аб’ём з масіўным чатырохкалонным порцікам (галоўны фасада). Паркавы бок вылучаецца аналагічным порцікам, але меншага памеру.

Палац Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў
Паркавы порцік, фота 2017 года

Да цэнтральнай часткі прымыкаюць двухпавярховыя карпусы, выбудаваныя перпендыкулярна да асноўнай восі палаца. Затым ідуць доўгія крылы ў адзін паверх, упрыгожаныя калонамі. Менавіта ў гэтых частках будынка размяшчаліся службовыя і жылыя памяшканні. Завяршаецца палац Рдултоўскіх ізноўку двухпавярховымі карпусамі.

Архітэктура палаца Рдултоўскіх у Снове

Флігель палац Рдултоўскіх у Снове

Ва ўнутраным убранні сядзібы асаблівых і яскравых дэкаратыўных элементаў не было. Многія памяшканні можна нават назваць сціплымі, але ёсць і тыя якія сапраўды ўражвалі. Напрыклад парадная бальная зала з высокай столлю і вокнамі паабапал.

Палац Рдултоўскіх у Снове.

Палац Рдултоўскіх у Снове

Звонку будынак вылучаецца рэльефным карнізам па ўсім перыметры палаца, а на бакавых флігелях захавалася ляпніна.

Палац Рдултоўскіх у вёсцы Сноў

Пры Казіміры Рдултоўскім, гэта першая палова 19 стагоддзя, сядзібны комплекс у Снове сапраўды застаў лепшыя часы. На той момант палац з’яўляўся цэнтрам свецкага жыцця рэгіёна. Акрамя таго развівалася сельская гаспадарка і агародніцтва, была нават пабудавана суконная фабрыка.

Сноў, Мінская вобласць

Вакол палаца раскінуўся шыкоўны парк з шырокімі алеямі, фруктовымі дрэвамі і сцежкамі, на жаль зараз усё гэта прыходзіць у лёгкае запусценне. Таксама на тэрыторыі комплексу знаходзіўся дэкаратыўны водны басейн, сістэма каналаў якога ўтварыла невялічкія выспы, якія і сёння можна ўбачыць.

Памятны камень Рдултоўскім у Снове

Пасля смерці Казіміра, багаты палац у Снове перайшоў ва ўласнасць да яго малодшага сына – Яўстафія Рдултоўскага. Цалкам імаверна, што нашчадак слаўнага бацькі прайграў палац у карты, бо ў 1854 годзе ўладаром Снова стаў барон Густаў Гартынг. Вось такім чынам гісторыя мястэчка стала звязана з прозвішчам Гартынгаў (Гарцінгаў).

Палац Сноў 1923 год
фота – Адам Віслоцкі, 1932 год

Сядзіба Сноў

Адным з апошніх уладальнікаў маёнтка быў – Генрых з роду Гартынгаў. У 1925 годзе ён прыняў рашэнні аб продажы Сноўскага палаца. І ўжо праз некалькі гадоў тут уладкаваліся польскія афіцэры, якія прыстасавалі будынак пад свае запатрабаванні (жыллё, канцылярыя і нават казіно).

Цікавосткі Беларусі - Сноў

Сам будынак не мяняўся, а вось тэрыторыя парку – так. Па перыметры сядзібы была высаджана яловая алея, якая сёння крыху хавае палац. Ледзь наводдаль былі пабудаваны польскія кашары, якія з сярэдзіны 20 стагоддзя служылі ваенным шпіталем.

Заброшенные казармы в Снове
Кашары за палацам

Палац Рдултоўскіх у Снове

Палац у Снове сёння

З 1939 года былы маёнтак роду Рдултоўскіх выкарыстоўваўся ўжо савецкімі вайскоўцамі для сваіх патрэб.

Палац Рдултоўскіх у Снове

А вось з 2006 года будынак аказаўся на балансе ў КДБ Беларусі. З 2015 года рабіліся спробы прадаць комплекс, але беспаспяхова. Пакупнік знайшоўся толькі ў 2021 годзе, хто менавіта – невядома, паведамляецца толькі што кошт здзелкі склаў каля 300 тысяч даляраў.

Палац Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў

Палац Рдултоўскіх у мястэчку Сноў

Плануецца, што ў Снове арганізуюць турыстычны аб’ект, цэнтрам якога якраз і стане адноўлены палац.

Сядзіба Рдултоўскіх у Снове

На 2026 год складана сказаць ці рухаецца працэс у нейкі адпаведны бок, бо выглядае быццам бы і не. Але пры гэтым тэрыторыя ахоўваецца, а сам палац даглядаецца.

Сядзіба ў Снове

Знайсці гэты палац будзе проста, глядзіце адзнаку на мапе ніжэй:

Багацце цікавостак робіць Сноў асабліва цікавым для наведвання. Тутака можна яшчэ паглядзець царкву на старых могілках, касцёл Святога Яна Хрысціцеля, сядзібу “Горны Сноў”. Калі час дазваляе, можна таксам з’ездзіць у Аношкі і адшукаць месца дзе стаяла сядзіба Чапскіх.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here