Новадзевяткавічы – гэта вялікае мястэчка, якое месціцца прыкладна за 30 кіламетраў ад Слоніма з даволі багатай і цікавай гісторыяй. Пісьмовыя ўспаміны пра Новадзевяткавічы (калі дакладна, тады яшчэ проста Дзевятковічы) адносяцца да другой паловы 16 стагоддзя як валоданне роду Мялешка. Затым уладарамі маёнтка сталі прадстаўнікі роду Слізняў, якім гэтыя землі належалі каля 260 гадоў запар. Даволі зразумела і лагічна, што гэты багаты род пабудаваў у Дзевятковічах сваю фамільную сядзібу ці правільней сказаць сапраўдны палац. На жаль, да нашых дзён пабудова не захавалася, ацалелі толькі некаторыя гаспадарчыя будынкі і агульныя планіровачныя рашэнні парка.

Дзе знаходзілася сядзіба Слізняў у Новадзевяткавічах?
Палац Слізняў у Новадзевяткавічах размяшчаўся ў канцы вуліцы Юбілейная, якая пачынаецца ад касцёла Святых Пятра і Паўла. На старым малюнку Напалеона Орды можна ўбачыць размах палаца і як ён выглядаў у лепшыя часы.


Захаваўся і пазнейшы малюнак Орды на якім намаляваны паркавы бок палаца.

Будаўніцтвам гэтага незвычайнага палаца (архітэктура якога хутчэй нагадвае ангельскія дамы вяльможаў) займаўся Альфрэд Слізень у сярэдзіне 19 стагоддзі. Сядзіба размяшчалася ў выглядзе літары “П”. Палацавы комплекс складаўся з вялікага трохпавярховага корпуса з элементамі стылю неаготыка, высокай прамавугольнай вежы з флагштокам, а таксама аранжарэі з афіцынай у адзін паверх.

На фота ніжэй можна ўбачыць як выглядала “самая сціплая” частка палаца Слізняў, тая самая афіцына.

Перад уездам на сядзібны пляц знаходзілася карэтная і стайня, а таксама 2 флігелі. У перабудаваным выглядзе гэтыя будынкі захаваліся.


Палац у Новадзевяткавічах прастаяў да 1944 года, пасля чаго быў разбураны, а руіны масіўнага збудавання яшчэ доўга разбіралі на будаўнічыя матэрыялы.

Цікава што старэйшыя дочкі Альфрэда Слізня ў 1880 годзе вырашылі будаваць у Новадзевяткавічах сапраўдны іпадром. Размяшчаўся на месцы дзе зараз стадыён.

Апошнім уладаром маёнтка быў Альгерд са Слізняў, на ягоную долю выпала шмат выклікаў і выпрабаванняў. Пасля прыходу савецкай улады ў 1939 годзе, Слізні назаўжды пакінуць гэты край, а большую частку сваіх багаццяў згубяць. Так амаль бясследна знікне ўнікальная бібліятэка, якую збіралі на працягу некалькіх стагоддзяў.


Хутчэй за ўсё, прыехаўшы ў Новадзевяткавічы, вы не знойдзеце ніякіх згадак пра тое, што калісьці тут стаяў палац, але такі шлях.
View this post on Instagram
На гэтым цікавосткі мястэчка не скончваюцца, так у старой частцы Дзевятковічаў можна паглядзець старадаўнія могілкі з руінамі 2 капліц – Каллупайла і Слізняў.


Больш вытанчаная пахавальня належала Людвігу Каллупайлу і была пабудавана ў 1850 годзе ў формах васьміграннай прызмы, па краях якой выступаюць паўкалоны дарыйскага ордэна.

На адной са сцен каплічкі цудам захавалася мемарыяльная таблічка з інфармацыяй на польскай (пераклад): “Людвігу Каллупайлу – 25 жніўня 1803 года – 13 ліпеня 1850 года.”

З 1846 года Людвіг валодаў невялікім маёнткам Старыя Дзевятковічы, якое набыў у Пуслоўскіх. Даволі цікава, што яго фамільная капліца пабудавана чамусьці на землях Слізняў, верагодна паміж гэтымі памешчыкамі была нейкая дамоўленасць, ці гэта проста супадзенне.


Па суседстве стаіць другая капліца – гэта ўжо пахавальня Слізняў. Візуальна пабудова мае 2 ярусы: ніжні складзены з бутавага каменя, верхні з цэглы.

Пад асноўнай часткай капліцы размяшчаецца крыпта, цалкам імаверна што не разбураная, у якой якраз і знаходзіўся саркафаг з целам Станіслава Слізня.


У 1939 годзе, абедзве капліцы былі разрабаваны, а целы памерлых проста выкінуты з трунаў. Вандалы кіраваліся толькі адной мэтай – знайсці золата і каштоўнасці.
Дарэчы, на могілках у Новадзевяткавічах хапае і старых магіл, на многіх ужо не разабраць надпісаў і адзнак. Агароджа з каменя вакол могілак планамерна разбіралася з 50-ых на пабудову адрын і дамоў, сёння ад яе засталіся толькі фрагменты.

На гэтых могілках не хаваюць з 1949 года, а адно з апошніх пахаванняў з плітой на рускай мове належыць “Бернатовіч Ганне”, жонцы апошняга аканома сядзібы Слізняў.

Ад касцёла Святых Пятра і Паўла да руін капліц вядзе грунтавая дарога, але лепш трохі аб’ехаць з іншага боку, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю з’ездзіць у Бусяж, каб паглядзець на Успенскую царкву 1779 года.










