Ліпнішкі, што ў Іўеўскім раёне, – гэта надзвычай каларытнае мястэчка на рацэ Апіта з багатай гісторыяй і годнымі цікавосткамі. У 17 стагоддзі Ліпнішкі ўжо атрымалі Магдэбургскае права і свой уласны герб. За розным часам валодалі гэтымі землямі выбітныя шляхецкія роды: Гаштольды, Радзівілы, Пацы, Сапегі а пазней і Бяганскія. А вось з 1849 года, Ліпнішкі належалі прадстаўнікам роду Вольскіх, якія пабудавалі ў гэтым краі свой фамільны маёнтак. Тры пакаленні гэтага роду з энтузіязмам развівалі Ліпнішкі, таму цалкам дакладна сцвярджаць, што пры іх мястэчка дасягнула свайго росквіту.

Неагатычны касцёл Ліпнішкі

Касцёлы Беларусі - Ліпнішкі

Так да прыкладу пры Мікалаі Вольскім былі пабудаваны ўнікальныя неагатычныя гандлёвыя рады ў цэнтры Ліпнішках (на жаль яны не захаваліся).

Дзе былі гандлёвыя рады ў Ліпнішках
Страчаныя гандлёвыя рады, фота – першая палова 20 стагоддзі

А на грошы і пры падтрымцы Аляксандра Вольскага пачалося будаўніцтва галоўнай цікавосткі мястэчка – касцёла Святога Казіміра. Па чутках, праект гэтага незвычайнага храма ён прывёз ажно з Парыжа.

Славутасці Беларусі Ліпнішкі

А што ж з сядзібай і маёнткам? Да нашых дзён сядзіба Вольскіх не дайшла, ацалела толькі каменная афіцына (флігель).

Сядзіба Вольскіх у Ліпнішках
Рэшткі сядзібы Вольскіх (флігель)

Каталіцкая парафія ў мястэчку Ліпнішкі з’явілася яшчэ на пачатку 16 стагоддзя, тады ж быў пабудаваны і першы драўляны касцёл, які прастаяў ажно да Паўночнай вайны. У 1804 годзе на грошы Аляксандра Безбародкі ўзвялі іншы касцёл, але таксама з дрэва. Лёс таго храма склаўся падобна з папярэднікам – будынак згарэў. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца гісторыя каменнага касцёла Святога Казіміра, які пачалі будаваць у 1900 годзе (па іншых звестках у 1892 годзе).

Неагатычны касцёл Святога Казіміра ў вёсцы Ліпнішкі

Узвядзенне і ўладкаванне храма рабілі на сродкі Аляксандра Вольскага (тагачаснага ўладальніка Ліпнішак) і цягнуліся ўсе працы без малога 10 гадоў. Аднак кансэкравалі касцёл толькі ў 1927 годзе.

Працэс будаўніцтва касцёла ў Ліпнішках
Прыкладна 1900-05, фота з «калекцыі Балзункевіча»

Аграгарадок Ліпнішкі Беларусь

Гэты храм безумоўна адносіцца да неагатычнага стылю архітэктуры, але моцна вылучаецца на фоне іншых каталіцкіх храмаў таго часу. Так сцены касцёла ў Ліпнішках выкладзены квадратнымі абчасанымі камянямі, што выглядае звыш незвычайна для беларускай архітэктуры. Падобны прыём сустракаецца на тэрыторыі Беларусі дакладна не часта. Да галавы прыходзіць толькі касцёл Маці Божай Ружанцовай у Песках і храм у Рубяжэвічах.

Унікальны касцёл у вёсцы Ліпнішкі

Ліпнішкі касцёл унутры

Касцёл Святога Казіміра мае прастакутную форму і завяршаецца трохграннай апсідай, паабапал месцяцца кампактныя сакрысціі. Цэнтральнае месца ў архітэктуры храма займае высокая васьмігранная вежа ў тры ярусы з шатровым завяршэннем, якое ўпрыгожана невялічкімі люкарнамі.

Неагатычныя касцёлы ў Беларусі

Перад уваходам на касцельную тэрыторыю збудавана масіўная трохарачная брама з пінаклямі і “зуб’ямі”.

Брама касцёла ў Ліпнішках

Цікавы факт, цалкам імаверна, што за савецкім часам касцёл, не зачыняўся. Вядома толькі што ў 50-ыя быў канфіскаваны будынак плябаніі. У 1970 годзе касцёл у аграгарадку Ліпнішкі прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і нават атрымаў адпаведны ахоўны статус.

Аграгарадок Ліпнішкі

Былая сядзіба Вольскіх у Ліпнішках

Яшчэ адна цікавостка ў мястэчку Ліпнішкі – гэта флігель тых самых Вольскіх, якія датычны да будаўніцтва касцёла. Знайсці іхняю афіцыну можна недалёка ад вуліцы Віленскай, – з’язджайце да мясцовага парку, там вас чакае гэты цікавы будынак.

Флігель Вольскіх у Ліпнішках

Бусел на закінутым доме

На сёння, гэтая пабудова занядбаная, але трэба адзначыць, што праведзена частковая кансервацыя. Флігель вылучаецца цікавай вежай у тры ўзроўні, верхні ярус якой упрыгожаны арачнымі вокнамі.

Сядзіба Вольскіх

На старым фота канца 19-га стагоддзя можна паглядзець як выглядаў сядзібны дом.

Сядзіба Вольскіх старое фота
крыніца: Jankowski “Powiat oszmiański” (1898)

Як бачна, ён быў аднапавярховы, але і з жылой мансардай і масіўным балконам. На тэрыторыі парка былі ліхтары і алеі.

З тыльнага боку афіцыны захавалася вялікая труба ад печы і невялічкая прыбудова з неагатычнымі дэкаратыўнымі элементамі (на ніжнім фота ў левай частцы).

Закінуты дом у Ліпнішках

Верагодна, што апошняй уладальніцай маёнтка Ліпнішкі была Ядвіга Вольская (Гоўвальт). Пасля прыходу савецкай улады сядзібу нацыяналізавалі, а гаспадарчыя пабудовы з часам былі перабудаваны, альбо цалкам знесены. Па суседстве з былой афіцынай Вольскіх месціцца мясцовы дзіцячы садок.

Сядзіба Вольскіх

Гандлёвыя рады ў Ліпнішках (страчаная спадчына)

Гандлёвы пляц і кірмаш – гэта быў заўсёды гістарычна цэнтры любых нашых буйных і невялікіх мястэчак. Выключэннем не сталі і Ліпнішкі, дзе да сярэдзіны 20 стагоддзя стаялі ўнікальныя гандлёвыя рады.

На жаль, гэты незвычайны аб’ект не захаваўся да нашых дзён, але як ён выглядаў можна ўбачыць на старых здымках рознага перыяду. Калі ўважліва прыглядзецца да архітэктуры, то злёгку можна знайсці агульныя рысы з касцёлам Святога Казіміра. Як і храм, гандлёвыя рады – яскравы прыклад неагатычнага стылю.

Страчаная спадчына гандлёвыя рады ў Ліпнішках
старая паштоўка, фота да 1939 года
Атмасфернае фота ў Ліпнішках
Паштоўка 1917 года

Вызначыць дакладную дату будаўніцтва гэтага гандлёвага павільёна ўжо надта складана. Мяркую, што гэта дзесьці сярэдзіна ці канец 19 стагоддзя. Хутчэй за ўсё да будаўніцтва прыклалі руку ўсё тыя ж Вольскія, пры якіх тут таксама замасцілі дарогі і ўладкавалі вуліцы.

Гандлёвыя рады ў вёсцы Ліпнішкі
фота, 30-ых гадоў

А вось чаму гэты шыкоўны будынак зруйнавалі – мне невядома. Магчыма пабудова была разбурана падчас Другой сусветнай вайны, альбо ў раннія 50-ыя. Знаходзіліся гандлёвыя рады ў самым цэнтры, сёння гэта вуліца Садовая, на іх месцы працуе крама “Родны Кут” у двухпавярховым будынку. Ніжэй фота, як выглядае месца дзе стаяў павільён.

Мястэчка Ліпнішкі
2025 год
Ліпнішкі старое фота
Старая паштоўка 1916 года, фота афарбавана пры дапамозе ШІ

А вось невялічкай каплічцы, што стаіць пры дарозе, пашанцавала значна больш, – яна цалкам захавалася.

Ліпнішкі прыдарожная капліца

На мясцовых каталіцкіх могілках знаходзіцца яшчэ адна славутасць Ліпнішак, – атмасферная драўляная капліца-пахавальня 19 стагоддзя.

Драўляная капліца Ліпнішкі

Гэты будынак дарэчы перавезлі з вёскі Зыгмунцішкі ў 1936 годзе.

Драўляная капліца ў Ліпнішках

Тут жа захаваліся старадаўнія шляхецкія надмагіллі з эпітафіямі на польскай мове. Таксама ёсць пахаванні салдат часоў Першай сусветнай вайны.

Ліпнішкі драўляная капліца

Ніжэй кропка з адзнакай касцёла на мапе, мяркую што знаёмства з мястэчкам лепей пачаць менавіта адсюль.

А вось вам бадай што ідэальны маршрут што паглядзець побач з Ліпнішкамі. Так абавязкова варта заехаць у Іўе, дзе можна наведаць татарскую драўляную мячэць і манументальны касцёл Святых Пятра і Паўла. Раю даехаць і да мястэчка Геранёны, дзе вас чакаюць руіны знакамітага замка Гаштольдаў і касцёл Святога Мікалая (дзе вянчаліся Барбара Радзівіл і Станіслаў Гаштольд). Яшчэ адзін пункт – Жамыслаўль, у якім захаваўся легендарны палац Умястоўскіх (паменшаная копія каралеўскага палаца Лазенкі ў Варшаве). Ну і Суботнікі з касцёлам Святога Уладзіслава і крыптай Умястоўскіх.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here