Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў цэнтральнай частцы горада з’яўляецца адной з галоўных цікавостак у Ашмянах. Высокія пікі гэтага храма добра відаць здалёк, што служыць выдатным арыенцірам яшчэ на пад’ездзе.


Храм сустракае наведвальнікаў і вандроўнікаў надпісам “Te deum laudamus” (пераклад з латыні – “Славім Цябе, Божа”).


Што цікава, гэты касцёл быў пабудаваны толькі ў пачатку 20 стагоддзя. Але раней, на ягоным месцы знаходзіўся іншы храм. Як кажуць, невялікія памеры папярэдніка не маглі змясціць усіх вернікаў, што стала адной з галоўных прычын для пашырэння і перабудовы храма.


Касцёл Святога Міхала ў Ашмянах досыць нетыповы для Беларусі, а звонку ён адпавядае архітэктурнаму стылю неабарока.


Будаўніцтва гэтага храма пачалося ў 1900 годзе і вялося па праекце архітэктара Вацлава Міхневіча ажно да 1910 года (па другіх звестках да 1906).

Будынак вылучаецца вялікімі 5-яруснымі вежамі, паміж якімі багаты рызаліт з трохвугольным франтонам. Касцёл упрыгожаны пілястрамі, нішамі, дэкаратыўнымі элементамі рознага кшталту.

Завяршаецца храм пяціграннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Візуальна касцёл мае быццам бы 2 узроўні, што толькі дадае яму аб’ём.

Каталіцкая парафія ў Ашмянах была скасавана ў 1948 годзе, а касцёл прымусова закрыты. Затым у сценах гэтага будынка, прыкладна з 1964 года і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, знаходзіўся цэх завода.

За гэты перыяд аўтэнтычны інтэр’ер касцёла быў цалкам згублены, а ўсё што можна ўбачыць сёння – гэта заслуга рэстаўратараў і аднаўленчых работ.


Зазірнуўшы ў храм заўважыў масіўны драўляны крыж, які ляжаў тутака з пачатку каранавіруснай пандэміі. З 90-ых гадоў, мясцовыя каталікі штогод ладзілі пілігрымку на Ашмянскую “галгофу”, дзе ўсталёўвалі падобныя крыжы.

Вернікам касцёл вернуты ў 1989 годзе і амаль адразу пачалася яго рэстаўрацыя. Дзякуючы намаганням жыхароў горада, храм адчыніў свае дзверы ўжо ў 1994 годзе і атрымаў, так бы мовіць, новае жыццё.

Храм будзе лёгка знайсці, ён знаходзіцца на плошчы 17 Верасня, побач з Васкрасенскай царквой, ніжэй кропка з адзнакай яго на мапе:
Ашмяны вельмі цікавы горад, у якім ёсць што паглядзець, так напрыклад недалёка ад цэнтра захавалася аўтэнтычная сінагога 1912 года. Таксама раю заехаць у Гароднікі.










