Беларусь багата на самыя розныя славутасці і калі сядзібы, царквы і касцёлы ўжо даволі звыклыя для нашых людзей, то прыродна-прамысловыя аб'екты набіраюць турыстычны патэнцыял. Адно з такіх дзіўных месцаў - гранітны кар'ер у Мікашэвічах, Лунінецкі раён.

Гранітны кар'ер у Мікашэвічах

Гісторыя кар'ера пачынаецца ў 70-ых гадах, мінулага стагоддзя. Менавіта тады тут пачалі займацца здабычай нярудных будаўнічых матэрыялаў. Галоўнае прадпрыемства горада РУВП "Граніт" вырабляе ўсе віды друзу і лічыцца адным з найбуйнейшых у Еўропе.

Мікашэвічы

Паклады будаўнічага каменя ў Мікашэвічах (тады яшчэ працоўны пасёлак) знайшлі ў 1963 годзе. Удзельнікі экспедыцыі далі назву гэтаму радовішчу "Мікашэвіцкі выступ".

Здабыча граніту ў Мікашэвічах.

Памеры гранітнага кар'ера сапраўды ўражваюць. Зрабіць фота якое магло б ахапіць усю пляцоўку вельмі складана.

Плошча кар'ера пастаянна мяняецца, на афіцыйным сайце прадпрыемства зараз наступныя лічбы: 2800 метраў з захаду на ўсход і 1800 з поўначы на ​​поўдзень. Здабыча вядзецца на глыбіні парадку 150 метраў, – гэта ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора на 20 метраў, але з часам лічба будзе толькі павялічвацца. Калі прыгледзецца, то можна ўбачыць што зараз кар'ер складаецца з 11 здабычных уступаў.

Мікашэвічы гранітны кар'ер

Цікавы факт: першы выбух на будучым кар'еры адбыўся 21 кастрычніка 1973 года і па магутнасці прыблізна раўняўся двум тонам выбуховага рэчыва. Для параўнання тыя выбухі, якія ажыццяўляюць сёння, маюць магутнасць ужо больш за 100 тон.

Гранітны кар'ер у Мікашэвічах

На кар'еры задзейнічана разнастайная тэхніка, але асноўная - экскаватары і вялізныя БелАЗы для транспарціроўкі. З агляднай пляцоўкі або дрона, яны выглядаюць зусім малюсенькімі (гэта яшчэ лепш дапамагае ацаніць памеры кар'ера).

Мікашэвічы

На тэрыторыю проста так патрапіць нельга, да таго ж гэта сапраўды небяспечна. Каб пазбегнуць праблем лепш узяць экскурсію ад РУВП "Граніт", зможаце паглядзець і выпрацоўку, і музей, і нават пракаціцца на 45-тонным БелАЗе. Кошт білетаў ад 5 да 20 рублёў, ёсць дарагія варыянты індывідуальных экскурсій.

Кар'еры Беларусі

Кар'ер знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад цэнтра горада, на з'ездзе з трасы М10. Ніжэй адзнака з кропкай на назіральную пляцоўку, уваход праз КПП №1.

Калі будзеце ў гэтых краях, то раю заехаць пагуляць па Салігорску і паглядзець на вялізныя тэрыконы. Па шляху будзе яшчэ адно цікавае месца - старадаўнія габрэйскія могілкі ў вёсцы Ленін.

5 1 голас
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
0 Каментарыі
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары