Крупкі – гэта даволі невялікі горад Мінскай вобласці, які размяшчаецца недалёка ад трасы М1. Першыя летапісныя згадкі пра яго адносяць нас у 16 стагоддзе, калі гэтыя землі належалі магнатам Сангушкам (тым самым якія ўзвялі замак у Смалянах). З канца 18 стагоддзя Крупкі пераходзяць прадстаўнікам роду Свяцкіх, якія валодалі маёнткам ажно да 1917 года. Пры Свяцкіх была пабудавана і галоўная славутасць у горадзе Крупкі – сядзіба, якую можна паглядзець і сёння.

Двухпавярховы сядзібны дом адносіцца да архітэктурнага стылю мадэрн і мае даволі незвычайную асіметрычную форму.


Да сённяшняга часу гэты будынак дайшоў часткова перабудаваным, але пры гэтым у ім захавалася багата аўтэнтычных архітэктурных элементаў. Для параўнання 2 здымкі: адзін зроблены ў 2024 годзе, другі ў 1910 годзе.


Асноўныя змены датычацца балконаў і ўваходных груп, якія змянілі пад адміністрацыйныя патрэбы. Цікава, што недзе заклалі вокны, а недзе наадварот прарэзалі дадатковыя. Пры гэтым агульная форма, пілястры і дэкаратыўныя элементы амаль паўсюль захавалі.


З балкона другога паверха адкрываўся шыкоўны краявід на раку Бобр, дарэчы, захаваўся стары здымак, які дае ўяўленне аб тым, як гэта выглядала.


На маю думку дамінанта ў архітэктуры сядзібы Свяцкіх – гэта вежа з купальным завяршэннем, выглядае вельмі незвычайна.


Будаўніцтвам сядзібнага дома займаўся Карл Свяцкі, які валодаў маёнткам Беліца (сёння гэта вёска Полымя). Што цікава, Карл пабудаваў сапраўдны палац у кароткі тэрмін, усяго толькі праз пару гадоў пасля запуску ў Крупках фабрыкі па вытворчасці запалкавай саломкі. Дарэчы, Карл Свяцкі быў дужа рознабаковым чалавекам і даволі паспяховым прадпрымальнікам. У Крупках – рабіў запалкі і адпраўляў у Амерыку, а ў Беліцы – сыр, які ехаў на Еўропу.

Пасля нацыяналізацыі і вайны сядзіба цудам уцалела, для параўнання дом Свяцкіх у Беліцы стаіць цалкам разбураным. З 80-ых гадоў гэты будынак выкарыстоўваецца пад розныя адміністрацыйныя патрэбы.


Акрамя сядзібы-палаца захаваліся і некаторыя гаспадарчыя пабудовы, а таксама пейзажны парк з часткай старых дрэў.

У Крупках яшчэ ёсць вельмі каларытны бар, у самай звычайнай драўлянай хаце, месціцца на вуліцы Ленінская.

Знайсці сядзібу ў Крупках будзе проста, знаходзіцца ў самым цэнтры горада, а ніжэй кропка з адзнакай славутасці на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю з’ездзіць у суседні пасёлак Бобр, альбо адправіцца даследаваць старадаўні горад Барысаў. Яшчэ будзе цікава адшукаць каменныя крыжы ў Шырневічах.










