Горад Масты ў Гродзенскай вобласці цалкам апраўдвае сваю назву, бо ягонай галоўнай турыстычнай цікавосткай і сапраўднай візітоўкай ужо больш за паўстагоддзя з’яўляецца самы доўгі падвесны пешаходны мост у Беларусі. Гэта ўнікальная інжынерная канструкцыя, якая навісае над велічным Нёманам, злучаючы гарадскі парк з маляўнічай зонай адпачынку. У 2025 годзе мост перажыў маштабнае “перараджэнне”. У гэтым артыкуле разбяромся якая гісторыя ў гэтага незвычайнага аб’екта, чаму яго прыйшлося цалкам разабраць і якія сюрпрызы чакаюць вандроўнікаў на самай вялікай пераправе краіны.


Будаваць гэтае нетыповае для Беларусі збудаванне пачалі ў 1971 годзе, а ўжо ў красавіку 1972 года ўрачыста адкрылі. За будаўнічыя працы адказвала мясцовае прадпрыемства “Мастадрэў”, якое дарэчы існуе і сёння, а за праект і ідэю моста – Яўген Радкевіч.

Што даволі цікава, асноўная мэта будаўніцтва была выключна практычнай – даць магчымасць працоўным завода і мясцовым жыхарам хутка і зручна дабірацца з аднаго берага Нёмана на другі, дзе размяшчалася зялёная паркавая зона.

У сярэдзіне 1990-ых гадоў мост перажыў першую рэканструкцыю. Тады абнавілі драўляны насціл, замянілі тросы і ўмацавалі парэнчы. Мост стаў больш жорсткім і практычна перастаў гойдацца. Была такая мясцовая легенда, што тую рэканструкцыю рабілі каб супакоіць надта актыўную моладзь. Бо да гэтага ўмацавання галоўнай забавай мясцовых было раскачванне моста, калі па ім ішлі дзяўчаты на высокіх абцасах, якія ад страху чапляліся за парэнчы, што выклікала шмат смеху ў жартаўнікоў. Як разумееце, усё гэта было досыць небяспечна.


З цягам часу, асабліва пасля росту папулярнасці ўнутранага турызму, нагрузка на мост значна павялічылася. Старая канструкцыя была разлічана на нагрузку ўсяго каля 190 кілаграмаў на квадратны метр, што стала небяспечным пры вялікай колькасці наведвальнікаў. Таму летам 2024 года мост быў цалкам зачынены і разабраны для яшчэ адной маштабнай рэканструкцыі. На працягу амаль года будаўнікі стваралі новую, больш трывалую і бяспечную пераправу, афіцыйнае адкрыццё новага моста адбылося ў траўні 2025 года. Канструкцыя моста мае прыкладна наступныя памеры: Даўжыня – 193 метры, шырыня – 1,5 метра, вышыня – каля 20 метраў над вадой.

У новага “самага доўгага моста” з’явіліся і цікавыя асаблівасці. Новая канструкцыя моста трымаецца на чатырох магутных апорах з выкарыстаннем больш за 40 тон стальных тросаў агульнай даўжынёй звыш 2,5 кіламетраў. Цяпер мост здольны вытрымліваць нагрузку да 400 кілаграмаў на квадратны метр. У цэнтральнай частцы моста з’явіліся элементы са шкляной падлогай (як казалі, – дадалі крыху экстрыму).

Замест суцэльнага 10-метровага шклянога пралёта, як планавалася першапачаткова, праекціроўшчыкі зрабілі тры празрыстыя ўстаўкі з трывалага загартаванага шкла (трыплексу), размешчаныя ў шахматным парадку. Гэта было зроблена з меркаванняў бяспекі ў зімовы перыяд, каб пазбегнуць слізгацення, а таксама для камфорту пажылых грамадзян. Праз гэтыя “вокны” можна ўбачыць раку, якая цячэ прама пад нагамі.

З надыходам цемры на мосце ўключаецца яркая каляровая падсветка, што робіць аб’ект вельмі маляўнічым месцам для вячэрніх прагулак і рамантычных фотасесій. Таксама для зручнасці людзей з інваліднасцю і бацькоў з дзіцячымі калыскамі мост абсталявалі сучаснымі пандусамі.

Мастоўскі мост з’яўляецца самым доўгім пешаходным мостам у Беларусі – гэты факт ужо робіць яго дужа цікавым. Да таго ж з моста адкрываецца шыкоўны краявід у любую пару года, менавіта таму, тут заўжды хапае турыстаў і мясцовых жыхароў. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Так як падобных канструкцый у нас у краіне зусім няшмат, то безумоўна раю наведаць падвесны мост у Мастах. Недалёка ад горада варта таксама паглядзець касцёлу ў Ражанцы і дзіўны храму ў мястэчку Дубна.










