Вёска Дубаўцы, што ў Ваўкавыскім раёне, месціцца за пару кіламетраў ад мястэчка Воўпа, а з цікавостак тутака можна адзначыць руіны сядзібы Звяровічаў “Нямейкі” (ці мо і касцёла?).


Нямейкі – гэта старадаўняя назва фальварку, які ў летапісе згадваецца яшчэ ў другой палове 16 стагоддзя. У розныя часы землямі валодалі Лапацецкія, Вільчукі, Яблонаўскія, Варанецкія, але з лёсам сядзібы звязана прозвішча менавіта Звяровічаў.

Да іх Дубаўцы (Нямейкі) перайшлі ў пачатку 19 стагоддзя (1833 год), тады ж верагодна і закладзены драўляны сядзібны дом. На месцы якога ў 1856 годзе будзе пабудавана новая сядзіба, выкананая ў эклектычнай архітэктуры. Той самы будынак, які можна паглядзець сёння.


Па форме гэты будынак даволі незвычайны і чымсьці нагадвае без апсідны касцёл. Сядзіба будавалася з колатага каменю, які часцей выкарыстоўвалі для ўзвядзення млыноў і бровараў.

Нягледзячы на занядбаны выгляд, увагу прыцягвае фасад сядзібнага дома. Ён упрыгожаны пілястрамі і фальш-калонамі, аздоблены дробным каменем.


Сядзіба мае прамавугольную форму, двухпавярховы, магчыма быў мансардны паверх, пра гэта кажа і стары малюнак першай паловы 20 стагоддзя.

Верхні паверх (мансарда ці гарышча, ці паддашак) ужо цалкам разбурыўся, за выключэннем фасаднай сцяны, якая выкладзена з цэглы. На ёй ацалелі невялічкія авальныя акенцы з сандрыкамі. Падобнае афармленне сцен, як у гэтай сядзібы, сустракаецца ў маёнтку Вайчынскіх у Длугапалі (там часткова захавалася брама).


Пасля вайны будынак страціў сваё першапачатковае прызначэнне і стаў жыллём для перасяленцаў. Гэта вельмі характэрная і сумная старонка ў гісторыі многіх сядзібных комплексаў Беларусі. З часам будынак прыйшоў у аварыйны стан, быў закінуты і пачаў паскорана разбурацца. Сёння гэтая цікавостка выклікае шмат пытанняў: Што за дзіўная форма? Ці дакладна гэта сядзіба? Хто быў яе апошнім уладальнікам?


Паглядзець руіны сядзібнага дома Звяровічаў можна ў вёсцы Дубаўцы, для гэтага з трасы Р44 з’язджайце на вуліцу Палявая і рухайцеся да ракі Рось. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі таксама варта зазірнуць да неагатычнага касцёлу ў аграгарадку Рэпля і былой капліцы ў Шчэчыцах.










