Лоск – гэта досыць цікавая вёска ў якой даволі нетыповы для Беларусі рэльеф, які ў свой час паспрыяў будаўніцтву тут Лоскага замка. Апроч гарадзішча ў Лоску варта паглядзець і драўляны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.


Сёння гэты шыкоўны прыклад драўляный архітэктуры, на жаль, стаіць напаўзакінутым. Але ўсё адное выглядае маляўніча.

Храм у Лоску пабудаваны з бруса ў першай палове 20 стагоддзі, па ўсёй бачнасці, на тым самым месцы дзе калісьці ўжо стаяў касцёл-папярэднік, які быў разабраны ў 1874 годзе.


З датай будаўніцтва касцёла ёсць пэўная блытаніна, бо большасць крыніц называюць 1930 – годам завяршэння работ. Аднак ёсць усе падставы меркаваць, што храм пабудавалі раней, бо як мінімум адзін стары здымак датуецца 1924 годам.


Таму верагодна, што храм будавалі ў перыяд, калі Лоск быў у складзе міжваеннай Польшчы, аднак прыход дзейнічаў нейкі час і ў пасляваенныя гады. Канчаткова касцёл закрылі ў 1959 годзе, а пабудову перапрафілявалі пад сельскагаспадарчыя патрэбы.

Часткова архітэктура будынка захавалася ў першапачатковым выглядзе і сёння, галоўная змена датычацца фасада – былі знесены дзве вежы.


Справа ад касцёла ёсць невялічкая драўляная хатка, яна датуецца 1935 годам (захаваўся закладны камень з датай), – будавалася як плябанія. Даволі доўга будынак пуставаў, але не так даўно яго выкупілі і крыху прывялі ў норму.

За касцёлам ёсць і некалькі старых магіл, адна з якіх належыць апошняму ксяндзу.

Былы касцёл стаіць на галоўнай вуліцы вёскі Лоск, крыху далей па вуліцы знаходзіцца царква Святога Георгія, а калі ехаць у адваротны бок – там гарадзішча.

Гарадзішча ў Лоску з’яўляецца помнікам археалогіі Беларусі, некалькі разоў тут праводзіліся раскопкі, апошні раз – у 90-ыя гады. Як мяркуецца, драўляную крэпасць на мясцовым гарадзішчы ўзвялі ў першай палове 14 стагоддзя. Аб замку ў Лоску вядома наступнае: агульны пляц замчышча прыкладна складаў 75 на 160 метраў, вакол стаяла драўляная агароджа з 10-ю вежамі і 2 уязнымі брамамі. У цэнтры замчышча размяшчаліся розныя пабудовы, а таксама двухпавярховы палац (ёсць здагадка, што палацаў было нават два).

Калісьці ў Лоску яшчэ быў і старажытны маёнтак, праўда даехаць да патрэбнага месца ўзімку досыць складана, таму без фота. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе касцёла:
У гэтым краі можна паглядзець і рэшткі сядзібы Некрашэвічаў “Вялікі Двор”, ад якой захавалася цікавы будынак стайні.










