Халопенічы – гэта сярэдняга памеру гарадскі пасёлак у Крупскім раёне, Мінскай вобласці. Першыя згадкі пра гэтае мястэчка адносяцца да сярэдзіны 15 стагоддзя, а за сваю доўгую гісторыю землі пераходзілі ад аднаго вядомага роду да другога. Аднак у гэтым спісе згадаць абавязкова варта Марцыяна Дамініка Халецкага, намаганнямі якога ў 1703 годзе заснаваны кляштар дамініканцаў, а таксама пабудаваны драўляны касцёл. Акрамя таго, Халецкі даў грошы ў 1712 годзе на будаўніцтва ўніяцкай царквы, на месцы якой сёння можна ўбачыць руіны праваслаўнага храма.

Кляштар дамініканцаў у Халопенічах перабудавалі з каменю ў канцы 18 стагоддзя, пры гэтым касцёл Святога Крыжа заставаўся драўляным.

Пасля падаўлення паўстання 1830 года было прынята рашэнне скасаваць кляштар. Касцёл у Халопенічах пры гэтым заставаўся парафіяльным, пакуль у 1844 годзе не быў знішчаны пажарам. Далейшы лёс каталіцкай парафіі заставаўся дастаткова туманным, магчыма будынак адбудавалі зноў.

Вядома, што корпус мураванага кляштара выкарыстоўвалі пад розныя адміністрацыйныя патрэбы даволі працяглы час, а ў 1904 годзе была спроба перабудаваць частку гэтага памяшкання пад новы касцёл.

Якраз у той перыяд была дабудавана своеасаблівая апсіда і сігнатурка над франтонам.

Калі ўважліва прыглядзецца да сённяшняга будынка, то ўсё яшчэ можна заўважыць рысы былой рэлігійнай пабудовы (касцёла).

У 30-ыя гады, мінулага стагоддзя, будынак у каталікоў зноўку забралі і перапрафілявалі пад мясцовы Дом культуры, а ў 70-ых да фасада дабудавалі незразумелы тамбур.


Тая частка будынка, дзе быў касцёл, выкарыстоўваецца як актавая зала, меншы корпус кляштара стаіць закансерваваным.


На палянцы па суседстве ёсць невялікі памятны крыж “Халопенчыская воласць”, яго ўстанавілі ў 1861 годзе – якраз тады адмянілі прыгоннае права.

Тут жа ў парку ўсталяваны бюст Адаму Багдановічу, этнографу і педагогу, – бацьку паэта Максіма Багдановіча, які пакінуў шмат успамінаў пра Халопенічы.


Ніжэй кропка з адзнакай месца, дзе знаходзіцца корпус былога кляштара дамініканцаў:
Недалёка ад гэтых мясцін раю паглядзець руіны сядзіба Свяцкіх “Старая Беліца” у вёсцы Полымя.










