Вялікая асалода ў вандроўках па Беларусі – гэта магчымасць не толькі паглядзець жыццё за ўмоўным МКАД, але і атрымаць крыху натхнення ад гістарычных мясцін, якіх у нас сапраўды багата. Так напрыклад у Мінскай вобласці, у вёсцы Зембін, можна ўбачыць касцёл 19 стагоддзя, на жаль разбуранага, але з багатай і цікавай гісторыяй. Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі – менавіта так гучыць поўная назва гэтага храма, у якога ў 2022 годзе адбылося абвальванне бакавой сцяны, а крыху пазней быў дэмантаваны шыкоўны франтон.



Гісторыя касцёла ў Зембіне пачынаецца яшчэ ў першай палове 17 стагоддзя, калі тагачасны ўладар мястэчку, Адам Саковіч, падпісаў фундуш на гэты храм і кляштар дамініканцаў. Мяркуецца, што ў 1640 годзе, тутака ўжо стаяў драўляны комплекс. Пры кляштары дамініканцаў дзейнічалі шпіталь, “Ружанцовае” брацтва, парафіяльная школа, дзе дзеці вучыліся чытаць, пісаць, лічыць, ну і іншым навукам. Зембінскія манахі былі людзьмі працавітымі і рэгіён актыўна развівалі. Таксама збудавалі тут бібліятэку, наладзілі піваварства, мелі права вудзіць і прадаваць рыбу.


З 18 стагоддзя, вёска Зембін становіцца ўласнасцю вядомага роду Храптовічаў, а гэтыя новыя ўладары робяць паселішча мястэчкам, што ў немалой ступені садзейнічае яго росквіту. У 1766 годзе, Літавор Храптовіч, падпісвае фундуш на ўзвядзенне каменнага касцёла для кляштара дамініканцаў. Аднак будаўніцтва пачалося толькі ў 1798 годзе, пасля смерці Літавора, а скончаць работы змогуць толькі праз дзесяць гадоў.


Засталася пісьмовая згадка, што 15 жніўня, 1809 года, новую святыню кансэкравалі пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, менавіта рэшткі гэтага храма мы і можам паглядзець сёння.

Касцёл быў без вежавы, а вылучаўся шыкоўным высокім фігурным франтонам над галоўным фасадам. Гэты франтон, быў завершаны карункавым крыжам, які фланкавалі 2 каменныя вазоны. Архітэктурны стыль храма называюць “Станіславаўскі класіцызм”, таму што будаваўся касцёл у гады праўлення апошняга караля Рэчы Паспалітай – Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па сутнасці архітэктура бліжэй да барока, але з рысамі класіцызму. Ніжэй фатаграфія пачатку 20 стагоддзя, так зембінскі касцёл выглядаў у лепшыя гады.


У 1832 годзе, дамініканскі кляштар у Зембіне скасавалі, а касцёл стаў звычайным парафіяльным. Пры гэтым, некаторыя манахі-дамініканцы заставаліся тутака, дапамагаючы парафіі.


У 1903 годзе ў будынку касцёла быў праведзены капітальны рамонт: інтэр’ер распісаў мастак Вебер, вучань знакамітага Выспянскага. Па творах Выспянскага і ягоных вучняў, якія распісала шмат храмаў у Беларусі (былы храм у Цімкавічах, Чырвоны касцёл у Мінску), можна меркаваць, што і роспіс на сценах зембінскага касцёла быў таксама ўзорам жывапісу стылю мадэрн. Падлогу вымасцілі чорнай і шэрай пліткай у шахматным парадку, а цэнтральнае месца ў галоўным алтары займаў абраз Хрыста, які нясе крыж, за аўтарствам Яна Дамеля. Увенчвала алтар фігура Маці Божай у атачэнні двух анёлаў і фігуры Святых.


Касцельны комплекс у Зембіне, разам з парафіяльнымі могілкамі, быў цалкам абнесены бутавай агароджай.

Касцёл дзейнічаў прыкладна да 1930-х гадоў, пасля быў зачынены і з цягам часу ператварыўся ў руіны. Спробаў аднавіць храм, наколькі вядома, не рабілася. Сёння будынак часткова кансерваваны, кратамі зачыненыя ўсе ўваходы, але звонку будынак выглядае ўжо даволі сумна.


Часам згадваюць і вось такі цікавы факт: вёску Зембін наведваў Напалеон у 1812 годзе. Пасля цяжкага адступлення, рэшткі некалі магутнай арміі правялі ў гэтым мястэчку ноч.


Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі Беларусі на мапе:
Недалёка ад Зембіна знаходзіцца Барысаў, дзе дакладна шмат цікавага для вандроўнікаў.










