Недзе на паўночна-ўсходняй мяжы Налібоцкай пушчы знаходзіцца аграгарадок Налібакі, Стаўбцоўскага раёна, у якім можна паглядзець даволі цікавы касцёл. Само мястэчка досыць старое, першыя згадкі адносяцца ажно да сярэдзіны 15 стагоддзя, а за доўгую гісторыю тутака былі вядомыя ўладальнікі: Гедыгольдавічы, Кезгайлы, Завішы, Шэметы і Радзівілы. Вось пры апошніх, а менавіта пры Альбрэхце Станіславе Радзівіле, у Налібаках пабудаваны першы драўляны касцёл (верагодная дата будаўніцтва – 1636 год). Гэты храм разбураўся і неаднаразова перабудоўваўся, але прастаяў аж да 1943 года. Што цікава, каменны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пачалі будаваць па суседстве са старым драўляным храмам яшчэ ў 1935 годзе, але работы так і не паспелі скончыць.


У такім недабудаваным выглядзе (былі скончаны толькі сцены), храм і стаяў да 1990 года, пакуль не пачаліся спрыяльныя ўмовы для працягу будаўнічых работ. Гэтым якраз і заняўся новы ксёндз Марыян Шаршан, які здолеў знайсці неабходныя сродкі, а таксама ініцыятыўных людзей гатовых дапамагчы.

Па выніку гэтых дзеянняў ужо да 1994 года касцёл у Налібаках быў афіцыйна і ўрачыста асвечаны.

Архітэктура храма шмат у чым адлюстроўвае перыяд у якім ён будаваўся, бо тутака бурная эклектычная сумесь самых розных стыляў. Знайсці ў Беларусі падобны касцёл на гэты – будзе даволі складанай задачай.

Сам будынак прастакутны, завяршаецца высокай двух’яруснай апсідай, а па баках да асноўнага аб’ёму прымыкаюць асіметрычныя сакрысціі.

Цагляныя сцены ўпрыгожаны арачнымі вокнамі па ўсім перыметры, а верхні ярус яшчэ і дапоўнены круглымі люкарнамі. Фасад касцёла завершаны фігурным фронтам у цэнтры якога акно-ружа.


Асобнай увагі вартыя могілкі за касцёлам, дзе ўзвышаецца штучна насыпаны курган з вялікім крыжам.


Вакол каталіцкіх могілак размяшчаецца алея з маладымі саджанцамі, думаю пройдзе гадоў 10 і тут будзе шыкоўны парк.

Ёсць і вось такі памятны знак, які быў усталяваны ў гонар 127 загінуўшых жыхароў Налібакаў, беларускіх і польскіх жаўнераў, а таксама прападобнага Ёзафа Байка і ксяндза Ёзефа Барадзіна.



Злева ад касцёла ёсць невялікая драўляная капліца, на месцы якой і знаходзіўся стары касцёл.

А на месцы металічнай званіцы раней узвышалася каменная вежа-званіца, выкананая ў падобнай з брамай архітэктуры.

Ніжэй кропка з адзнакай галоўнай славутасці ў вёсцы Налібакі на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, тады раю заехаць і ў гарадскі пасёлак Івянец.








