У Астравецкім раёне ёсць аграгарадок Міхалішкі, дзе ўсе жадаючыя могуць паглядзець унікальны касцёл з багатым інтэр’ерам і шыкоўнымі барэльефамі. Першыя згадкі пра гэтае мястэчка адносяцца яшчэ да пачатку 16 стагоддзя, а ўжо калі землямі валодаў Ян Бжастоўскі (17 стагоддзе) у Міхалішках быў заснаваны і кляштар манахаў-аўгусцінаў.


Будынак касцёла Святога Міхала Арханёла датуецца 1653 годам (у некаторых крыніцах сустракаецца дата 1684, а часам і 1622). Мяркуецца, што ініцыятарам будаўніцтва быў сын Яна Бжастоўскага – Цыпрыян Павел.

Для праектавання касцёла запрасілі бельгійскага архітэктара – Крыштафа Пенса. Па выніку ягонай працы атрымаўся ўнікальны ўзор так званага сармацкага барока. Падобных храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі – адзінкі.

Звонку, гэта аскетычны храм, з масіўнымі двух’яруснымі вежамі і амаль без дэкаратыўных элементаў, хавае ад усіх дзіўны інтэр’ер.


Кампактны аднанефавы касцёл вылучаецца багаццем барэльефаў і ляпніны – амаль усе сцены храма ўпрыгожаны матывамі на рэлігійныя тэмы, скульптурамі святых, арнаментамі з раслін і нават цмокаў.

Абавязкова звярніце ўвагу на залаты амбон з арлом (герб роду Бжастоўскіх).

Канешне, асоба ў касцёле вылучаецца галоўны алтар.


У вежах касцёла знаходзяцца капліцы, у правай з пахаваннем Котвічаў, а леваруч – тых самых Бжастоўскіх.

Кляштар у Міхалішках з’явіўся ў далёкім 1622 годзе, даволі цікава, што манахі-аўгусціны былі рэдкія госці на землях Беларусі, Папа Пій V у свой час уключыў аўгусцінаў у спіс чатырох жабрацкіх ордэнаў.


З 1832 года, кляштар аўгусцінаў у Міхалішкіх быў прымусовы закрыты, а сам касцёл стаў звычайным парафіяльным. Большасць кляштарных пабудоў з часам разабраны.

Па сваёй архітэктуры касцёл у Міхалішках вельмі нагадвае Засвірскі храм, які з’явіўся пры ордэне кармелітаў. У абодвух храмах асаблівай увагі вартая ўваходная група. Замест звыклых дзвярэй, – аскетычны барбакан, які раней выконваў ахоўную функцыю.

У нішы гэтага барбакана размяшчаецца статуя Ісуса Хрыста.

Вакол касцёла агароджа з бутавага каменя, уваход упрыгожаны – двухарачнай брамай з каванкай.


Ніжэй кропка з месцам, дзе знаходзіцца гэта касцёл:
На ўскраіне Міхалішак можна паглядзець каталіцкую капліцу 1857 года. Таксама ў гэтым краі рэкамендую заехаць у Кемелішкі і Быстрыцу.











З’ездзілі туды на тых выходных, але нажаль не трапілі ўнутар:( гештальт не завершаны, паедзем зноўку. Буду вельмі ўдзячная, калі Вы зможаце дадаваць яшчэ і расклад імшы;)
Дамова!