Мазыр – адзін з самых унікальных гарадоў Беларусі, бо тут нетыповы ўзгорысты рэльеф, які класічным аб’ектам надае нейкае незвычайнае аблічча. Да таго ж Мазыр багаты на цікавосткі, сярод якіх вылучаецца комплекс былога кляштара цыстэрцыянак з касцёлам Святога Міхала Арханёла.


Манахі-цыстэрцыянцы распачалі сваю місію ў Мазыры яшчэ ў першай палове 18 стагоддзя. Так у пачатку 1711 года быў заснаваны мужчынскі кляштар (сёння гэтыя будынкі выкарыстоўваюцца фабрыкай па вытворчасці мэблі, ну і часткова занядбаныя). Потым, дзесьці ў 1744 годзе, пабудаваны ўжо жаночы кляштар, пры якім збудавалі і касцёл, які можна паглядзець сёння.

Ідэя будаўніцтва гэтага касцёла належыць Бенедыкту Ражанскаму, прыёру мужчынскага кляштара цыстэрцыянаў. Менавіта па ягонай ініцыятыве з Вільні перавялі частку манашак-цыстэрцыянак у Мазыр. Сродкі на ўзвядзенне каменнага храма выдаткаваў Казімір Сапега.


Касцёл Святога Міхала Арханёла выкананы ў архітэктуры позняга барока. Храм аднанефны, двухузроўневы, з таўшчынёй сцен якая дасягае 1,5 метра.


У Мазырскага касцёла ёсць унікальны элемент уваходнай групы – барбакан. Падобныя пабудовы ўзводзіліся з мэтай абароны (яшчэ прыклады элементаў такой архітэктуры – гэта Засвірскі касцёл і храм у Міхалішках).

А вось кляштарныя келлі першапачаткова былі трохпавярховыя і адным корпусам злучаліся з касцёлам, утвараючы літару “П”. Гэтыя будынкі таксама захаваліся, але былі грунтоўна перабудаваны.

У 1883 годзе кляштары ордэна цыстэрцыянцаў закрылі, а касцёл з часам перадалі праваслаўнай епархіі і пераасвяцілі ў гонар Святой Тройцы. Будынак храма тады быў нязначна перабудаваны, да ягонага аб’ёму дабудавалі драўляную званіцу.


З прыходам савецкай улады ў сценах ужо былога кляштара доўгі час размяшчалася Мазырскае музычнае вучылішча і іншыя грамадскія ўстановы.

У 1990-х гадах пасля распаду СССР сам будынак касцёла быў павернуты каталіцкай супольнасці, пачаліся рэстаўрацыйныя працы, пасля якіх касцёл зноўку стаў дзейным. Сёння храм адкрыты для ўсіх ахвочых, касцёл месціцца па вуліцы Гогаля, якая цягнецца ўздоўж ракі Прыпяць, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ паглядзець у Мазыры? Абавязкова прагуляйцеся па гістарычнай частцы горада і падніміцеся да драўлянага замку, наведайце сабор Святога Міхаіла Арханёла. Яшчэ адна ўнікальная цікавостка – занядбаны гарадскі асабняк.










