Фашчаўка (таксама Хвашчоўка) – гэта даволі буйная вёска ў Шклоўскім раёне, Магілёўскай вобласці. Першыя згадкі мястэчка ў пісьмовых звестках адносяцца да 17 стагоддзя, тады – уладанне Жыгімонта III Вазы. На жаль, галоўная і самая важная цікавостка ў Фашчаўцы да нашых дзён не захавалася – касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты (ці таксама – касцёл Спаслання Святога Духа  ). Аднак, можна паглядзець іншую славутасць – тутака знаходзіцца мемарыяльная калона ўсталяваная манахамі-езуітамі ў гонар Святога Сімпліцыяна. Сустракаецца і яшчэ адна версія будаўніцтва калоны – у гонар прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня, 1791 года.

Касцёл Фашчаўка
Так выглядаў касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты ў Фашчаўцы. Фота да 1917 года, здымак афарбаваны ШІ.
Калона Святога Сімпліцыяна ў Фашчаўцы
Калона Святога Сімпліцыяна ў Фашчаўцы

Езуіцкі Касцёл у Фашчаўцы пачалі будаваць у 1756 годзе (па некаторых звестках раней – у 1737 годзе), на месцы драўлянага храма-папярэдніка. Будаўнічыя работы ішлі цяжка і цягнуліся каля 12 гадоў, па чутках у манахаў-езуітаў у самым канцы будаўніцтва ўжо не хапала грошаў, што толькі ўскладняла сітуацыю.

Дзе знаходзіўся касцёл у вёсцы Фашчаўка?
На месцы касцёла сёння стаіць крыж

У 1768 годзе касцёл урачыста адкрылі, на той момант гэта быў адзін з самых высокіх храмаў на тэрыторыі Беларусі. Як выглядаў гэты барочны касцёл, можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды, а таксама на старых здымках першай паловы 20 стагоддзя.

Страчаная спадчына: касцёл Спаслання Святога Духа ў вёсцы Фашчаўка
Другая палова 19 стагоддзя, Напалеон Орда
Касцёл Спаслання Святога Духа (Фашчаўка)
фота прыкладна 1939 года, з сайту – be.wikipedia

Ёсць цікавы факт: цэглу для храма выраблялі ў суседняй вёсцы Гарадзішча, а каб даставіць матэрыял на будоўлю рабочыя перадавалі яго адзін аднаму, выстраіўшыся ў вялізны ланцужок.

Страчаная спадчына: касцёл Спаслання Святога Духа ў вёсцы Фашчаўка
1941-43

Па сваёй архітэктуры Фашчаўскі касцёл быў яскравым прыкладам стылю позняга барока. Меў дзве чатырох’русныя вежы, складаны фасад упрыгожаны карнізамі, арачнымі нішамі і фальш-калонамі. Паабапал будынка месціліся высокія сакрысціі, якія надавалі аб’ёму храма форму крыжа.

Касцёл Фашчаўка, Беларусь
1939 год
"Белы" касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў пасёлку Івянец
Падобны храм – Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Івянцы

Касцёл не закрываўся ў 19 стагоддзі, нават пасля паўстання 1863 года, як было з большасцю іншых каталіцкімі храмаў, а дзейнічаў ажно да 1937 года.

Як выглядаў касцёл у Фашчаўцы?
Візуалізацыя, страчаны касцёл на сучасным ландшафце

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны храм спрабавалі перарабіць пад клуб, але гэтую ідэю мясцовыя жыхары ўспрынялі дрэнна. У выніку будынак стаяў у напаўзакінутым выглядзе каля 20 гадоў, пакуль не прыйшоў загад яго ўзарваць.

Руіны касцёла Фашчаўка
60-ыя, апошнія гады касцёла

Касцёл чатыры разы спрабавалі падарваць, але сцены не даваліся і трывала стаялі. Таму былі выкліканы спецыялісты з Санкт-Пецярбургу, якія 25 снежня, 1967 года, узарвалі храм пры дапамозе 150 зарадаў. Так скончылася гісторыя гэтага манументальнага збудавання. На ягоным месцы ўсталявалі памятны крыж.

Крыж Фашчаўка, Магілёўская вобласць

Цікава, што манахі-езуіты, якія датычны гэтага касцёла, з самога Рыма прывезлі ў Фашчаўку мошчы Святога Сімпліцыяна. Калона ў гонар аб гэтым Святым усталявана на мясцовых могілках.

Незвычайная калона ў вёсцы Фашчаўка, Магілёўская вобласць

Хто такі Святы Сімпліцыян?

Ёсць здагадка, што калона служыць арыенцірам месца, дзе манахі схавалі рэліквіі са страчанага касцёла Дзевы Марыі Святой Альжбеты. Пасля паразы паўстання 1830 года па ўсёй тэрыторыі Беларусі зачыняліся каталіцкія кляштары, а езуіты баяліся, што каштоўныя артэфакты будуць знішчаны, таму магчыма і зрабілі гэты даволі рызыкоўны крок.

Што за калона ў вёсцы Фашчаўка

Дакладная дата будаўніцтва калоны – невядомая. Хутчэй за ўсё яе збудавалі ў перыяд з 1810 і да 1832 года. На вяршыні калоны часткова захавалася драўляная статуя Святога Сімпліцыяна. Калону ў пасляваенныя гады абразліва называлі “Фашчэўскі ёлуп”, а якім цудам яна захавалася да нашых дзён і ўвогуле застаецца таямніцай.

Мемарыяльная калона ў гонар Святога Сімпліцыяна

Знайсці гэтую незвычайную цікавостку будзе досыць проста: ад трасы М8 рухайцеся да цэнтра вёскі Фашчаўка, адкуль згарніце налева да мясцовых могілак. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:

Калі будзеце ў гэтым краі раю заехаць у Шклоў, каб паглядзець ратушу, касцёл і былую сінагогу.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here