У вёсцы Мураванка, што ў Гродзенскай вобласці, знаходзіцца ўнікальны для Беларусі помнік абарончай архітэктуры – царква Раства Багародзіцы. Мяркуецца, што гэты шыкоўны храм быў збудаваны яшчэ ў сярэдзіне 16 стагоддзя (дзесьці паміж 1516 і 42 гадамі) у рэтраспектыўна гатычным стылі з элементам рэнесансу. У шматлікіх крыніцах храм згадваецца як Маламажэйкаўская царква, – гэта такая своеасабліва адсылка да мястэчка Малое Мажэйкава, дзе знаходзіўся маёнтак Ромэраў, а раней Мацкевічаў-Шклёнскіх. Дарэчы, менавіта дзякуючы Мацкевічам і з’явіўся гэты абарончы храм.


Ёсць цікавы факт пра гэтую царкву, які выклікае спрэчкі ў гісторыкаў і даследчыкаў нават сёння. Так па дадзеным аднаго таемнага дакумента, гэты храм быў збудаваны значна раней, чым меркавалася, а дакладна ў 1407 годзе. Але з той нагоды, што аніякіх доказаў акрамя адной згадкі больш не было, ад гэтай думкі – адмовіліся.


Храм-крэпасць “Мураванка” мае сцены таўшчынёй амаль 2 метры. Па форме будынак царквы – аднапавярховы, з чатырма абарончымі вежамі па кутах. Сцены багата ўпрыгожаны неглыбокімі рознафарматнымі нішамі.

Круглае акно, размешчанае над галоўным уваходам, нагадвае прыклады раманскай і гатычнай архітэктуры.

Нягледзячы на масіўнасць, царква здаецца вельмі маленькай унутры, – гэта ўсё дзякуючы тоўстым каменным сценам.

Храм мае адзін уваход, які завяршаецца аркай паўцыркульнай формы. Узмацняе мяляўнічасць фасадаў – дэкаратыўны пояс.

Ідэя будаваць абарончы храм, – відавочна была добрай, бо за 500 гадоў сваёй гісторыі, Маламажэйкаўская царква паспела перажыць некалькі войнаў. Так пад час вайны з Маскоўскай дзяржавай, у сярэдзіны 17 стагоддзя, царква Раства Багародзіцы была хованкай для мясцовых жыхароў. Захаваліся звесткі, што пад час бітвы, гэты храм моцна пашкодзілі.

У сярэдзіне 18 стагоддзі, падчас Паўночнай вайны, царква пацярпела яшчэ мацней. У сярэдзіне 19 стагоддзя, царкву ў Мураванцы часткова рэканструявалі. Вонкавы выгляд храм крыху змяніла: з боку заходняга фасада быў прыбудаваны прытвор, надбудаваны заходнія вежы, у адной з якіх з’явілася званіца.

Былі закладзены байніцы і дэмантаваны лесвіцы. Таксама з’явіліся карнізы і былі павялічаны аконныя праёмы. У такім выглядзе царква захавалася і сёння.

Даволі незвычайная падзея адбылася ў 1928 годзе, калі польскія ўлады пераасвяцілі царкву ў касцёл. Як разумееце, на тэрыторыі Беларусі звычайна здаралася наадварот: касцёлы станавіліся цэрквамі. Але касцёл тут дзейнічаў нядоўга, да Другой сусветнай вайны.

Затым храм нейкі час стаяў пустым і пакрысе прыходзіў у занядбаны стан. У 90-ыя гады, абарончы храм Мураванка вярнулі праваслаўным – пачалася праца па ягонаму аднаўленню.


Некалькі гадоў таму, вакол царквы аднавілі агароджу, але на жаль пасеклі старыя дрэвы.

Маламажэйкаўская царква знаходзіцца за 40 кіламетраў ад горада Ліды па трасе М6 у бок Гродна. Храм бачны здалёк, таму знайсці яго будзе проста. Улічвайце, што на тэрыторыю царквы будзе складана трапіць пасля 17:00 – звычайна зачыненыя вароты. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Недалёка ад Мураванкі можна наведаць цікавы аграгарадок Тарнова і таксама паглядзець багаты касцёл у Белагрудзе.










