Калі вы плануеце наведваць старыя хрысціянскія могілкі ў Бешанковічах, абавязкова пашукайце невялікі, але вельмі прыгожы будынак з чырвонай цэглы – гэта былая капліца Храптовічаў. Што цікава, інфармацыя пра гэтую капліцу была знойдзена толькі нядаўна, дзякуючы аналізу архіўных мемуараў сям’і Храптовічаў-Буценевых. Так стала дакладна вядома, што пабудова – лютэранская капліца-пахавальня 1881 года. Мяркуецца, што менавіта тутака знайшлі свой апошні спачын граф Ірэней Храптовіч і ягоная жонка Караліна.

Бешанковічы могілкі

А чаму капліца лютэранская, для Беларусі гэта ж досыць рэдка? Усё проста – Караліна Храптовіч была каталічкай, а вось граф Ірэней Храптовіч прыняў лютэранства. З-за гэтага іхнія нашчадкі ўзвялі для спачыну бацькоў лютэранскі склеп, але на старых могілках дзе багата было пахавана і каталікоў.

Цікавосткі ў Бешанковічах

Капліца Храптовічаў Бешанковічы

З парай Храптовічаў дарэчы звязана цікавая і вельмі папулярная гісторыя кахання, якая скончылася тым Бешанковічы на цэлае дзесяцігоддзе сталі месцам іх “элітарнай ссылкі”, а легендарны палац – домам.

Пачытаць тую гісторыю пра каханне Храптовічаў
Гісторыя кахання Ірэнея Храптовіча і Караліны Ржавускай сапраўдны гатовы сюжэт для гістарычнага рамана або драматычнага кіно. Так у пачатку 19 стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу Ірэней, сын уплывовага канцлера, закахаўся ў бліскучую прыгажуню і фрэйліну Караліну Ржавускую (дачку таленавітага літаратара Севярына Ржавускага). Аднак на яе руку прэтэндаваў і іншы заўзяты кавалер – палкоўнік элітнага Прэабражэнскага палка. Жорсткая канкурэнцыя і юнацкі гонар прывялі да таго, што Ірэней парушыў строгую імператарскую забарону і выклікаў суперніка на дуэль. На гэтым паядынку Храптовіч забіў палкоўніка. Па законах таго часу за забойства на дуэлі Ірэнею пагражала суровае пакаранне, аднак імператар Аляксандр I прыняў больш “элегантнае” рашэнне: ён фактычна выслаў закаханых з Пецярбурга ў пажыццёвую ссылку ў беларускі маёнтак Храптовічаў – Бешанковічы. Насуперак усім, ссылка не разбурыла іхніх пачуццяў. Ірэней і Караліна пражылі ў Бешанковіцкім палацы ў каханні і згодзе шмат гадоў, ператварыўшы мястэчка ў багатую гаспадарку, а фіналам гэтай рамантычнай гісторыі стала тая самая лютэранская капліца на мясцовых могілках, дзе яны навечна засталіся разам (ну так мяркуецца).

Бешанковічы капліца

Сама капліца-пахавальня мае вельмі цікавую архітэктуру. Прасочваюцца строгія гатычныя лініі, стральчатыя вокны і нішы, якія робяць капліцу падобнай на мініяцюрны сярэднявечны замак.

Неагатычная капліца ў Бешанковічах

Перад уваходам на тэрыторыю могілак узвышаецца брама з цэглы, відавочна, што яна з’яўляецца часткай агульнай кампазіцыі капліцы і імаверна збудавана ў той жа час, – канец 19 стагоддзя.

Брама капліцы ў Бешанковічах

Нягледзячы на тое, што за савецкім часам склеп быў разрабаваны, а сам будынак пуставаў, муры выдатна захаваліся і сёння з’яўляюцца найважнейшым матэрыяльным напамінам пра эпоху росквіту “Бешанковіцкага ключа” Храптовічаў. На маю думку гэты аб’ект можа стаць вартым пунктам для вандроўнікаў і турыстаў, якія хочуць больш даведацца аб гісторыі знакамітага магнацкага роду. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:

Вам будзе таксама цікава паглядзець старыя габрэйскія могілкі ў Бешанковічах – адзін з найбуйнейшых, найстарэйшых і самых атмасферных некропаляў Беларусі. Па магчымасці заехаць у Бачэйкава, дзе калісьці стаяў шыкоўны палац.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here