Беняконі – гэта невялікі аграгарадок, амаль на самай мяжы з Літвой, які размяшчаецца на магістральнай трасе М1. Напэўна, кожны аматар паездак у суседняю Вільню праязджаў гэты населены пункт. У спісе цікавостак тутака варта вылучыць касцёл Святога Яна Хрысціцеля.


Мураваны касцёл у Беняконях пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя на месцы драўлянага папярэдніка (ніжэй фота як выглядаў той стары храм).

Работы над новым касцёлам вяліся дзесьці з 1900 па 1906 год (але ёсць варыянт, што будынак быў цалкам скончаны да 1902 года).

Архітэктурны стыль, да якога можна аднесці пабудову – гэта эклектыка з элементамі неабарока і неакласіцызму. Сумесь як разумееце цікавая, таму храму выглядае досыць незвычайна.


Касцёл у мястэчку Беняконі – гэта двухвежавая базіліка з магутнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі і прастакутнымі сакрысціямі. Будынак багата аздоблены рознымі дэкаратыўнымі элементамі, пілястрамі і нішамі. Унутры прастора падзяляецца на тры нефа, а асобнай увагі варты галоўны алтар які быў узведзены ў неакласічным стылі і ўпрыгожаны каланадай. Гэты алтар, што лагічна, прысвечаны патрону храма – Святому Яну Хрысціцелю. У цэнтры алтара знаходзяцца маляўнічая выява сцэны Вадохрышча Гасподняга. Роспіс інтэр’ера выкананы мастаком Квяткоўскім.

Касцёл у Беняконях заставаўся дзейным ажно да 1961 года, нягледзячы на ўсе складанасці і выклікі таго часу. Аднак пасля, храм усё ж такі зачынілі, а ў сценах гэтага помніка зрабілі склад. Вернікам касцёл павярнулі ў 1988 годзе, пачаліся рамонтныя і аднаўленчыя працы, сёння храм адкрыты для ўсіх ахвочых.

Цікавы факт: каля сцен касцёла ёсць магіла музы Адама Міцкевіча, актыўнай дзяячкі і сяброўкі філаматаў, – Марылі Верашчака. У іх з мужам была сядзіба ў Больцініках, што зусім недалёка ад Беняконяў.

Беняконі таксама будуць цікавы і сваёй чыгуначнай станцыяй, на якой можна паглядзець будынак вакзала і воданапорную вежу.

Дарэчы, чыгуначныя сувязь на гэтым участку лічацца адным з найстарэйшых у Беларусі і з’явілася ў далёкім 1884 годзе (Вільня-Ліда-Баранавічы-Лунінец). У канцы 19 стагоддзі тут адкрылася і аднайменная чыгуначная станцыя са сваім вакзалам.

Як выглядаў той першы вакзал у Беняконях ужо невядома, затое захавалася вось такая цікавая пабудова першай паловы 20 стагоддзя. Закапанскі стыль? Амаль ідэнтычная чыгуначная станцыя знаходзіцца ў вёсцы Бастуны, верагодна як і беняконская будавалася ў той перыяд, калі Заходняя тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы.

Вежа таксама выглядае файна (не так цікава як на старым фота, але ж), добра бачна што дах грунтоўна перабудавалі, але першапачатковая архітэктура, як і ў станцыі, – засталася без змен.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець руіны капліцы Нонхартаў у вёсцы Гайцюнішкі, ці з’ездзіць у Геранёны да былога замка Гаштольдаў.










