Вёска з прыгожай назвай Альгомель вядома ў гісторыі яшчэ з першай паловы 16 стагоддзя, а першыя пісьмовыя згадкі адносяцца да 1509 года. Па легендзе, такую назву мястэчка атрымала, калі святая князёўна Вольга (якая менавіта не ўдакладняецца) плыла на караблі і ейнае судна села на мелізну каля берага (заўв. гульня слоў: “Вольга, мель”). Так гэта было ці не, ужо ніхто і не ведае. Затое дакладна вядома, што галоўная славутасць у Альгомелі – драўляная Свята-Уваскрасенская царква.


Першы храм у Альгомелі з’явіўся яшчэ ў 1528 годзе, а той, што можна ўбачыць сёння, пабудаваны ў 1817 годзе.


Гэтая царква ўяўляе сабою прастакутны зруб да якога з заходняга боку прыбудавана вежа-званіца, што выконвае таксама функцыю прытвора. Будынак без асаблівых дэкаратыўных элементаў, строгі, выкананы ў архітэктуры народнага драўлянага дойлідства Беларусі.

Старадаўні храм зараз адкрываюць досыць рэдка, у асноўным вернікі выкарыстоўваюць новую каменную царква святой Марыі Магдаліны, якую збудавалі ў 1994 годзе.

Царква знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад трасы Р88, на мяжы Брэсцкай і Гомельскай вобласці, ніжэй адзнака з размяшчэннем цікавосткі на мапе:
У гэтым раёне можна таксама ўбачыць адзін з найстарэйшых драўляных храмаў, – для гэтага трэба ехаць у вёску Рамель.










