Пра Варончу калісьці казалі, што гэта быў адзін з найпрыгажэйшых маёнткаў свайго часу ў Навагрудскіх землях. У пісьмовых звестках мястэчка згадваецца яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя, як уладанне ваяводы Стэфана Курча. Затым Варонча перайшла да Несялоўскіх, пры якіх тутака быў збудаваны касцёл, а яшчэ сядзіба. Нягледзячы на тое, што гэта адбылося 250 гадоў таму – штосьці з гэтай спадчыны можна паглядзець і сёння.

Сядзіба ў Варончы
Так выглядала сядзіба ў Варончы ў 1894 годзе, фота – Тэафіл Эўгеніюш Барэці. Будынак не захаваўся

Аднапавярховую драўляную сядзібу па ўсёй бачнасці будавалі яшчэ пры Несялоўскіх, але цалкам імаверна, што перабудоўвалі пры наступных уладарах –  Мержаеўскіх і Любанскіх. Сядзіба выглядала вельмі файна, ейная архітэктура – гэта плаўны пераход свайго часу ад стылю барока да класіцызму. Будынак вылучаўся складанымі формамі, лёгкай асіметрыяй, уваходамі з чатырохкалоннымі порцікамі.

Варонча сядзіба Мержаеўскіх
Так выглядала сядзіба напачатку 20 стагоддзя, фота афарбавана пры дапамозе ШІ

Акрамя дома гаспадароў трэба згадаць і яшчэ адзін цікавы аб’ект, – так званы “скарбчык”, дарэчы будынак больш-менш захаваўся да нашага часу, але крыху ў перабудаваным выглядзе.

Што захавалася ад сядзіба ў Варонче?
Скарбчык сёння

Цяпер гэтага няма, але раней, у цэнтры двухсхільнай страхі з франтону ўздымалася высокая вежа квадратная з гадзіннікам, глядзіце на старым фота.

Сядзіба ў Варончы
Скарбчык 125 гадоў таму

Яшчэ адзін напамін “пра былое шляхецкае” – гэта будынак вінакурні, які першапачаткова быў сядзібным домам.

Варонча бровар

Падабрацца да гэтага будынку будзе сапраўды складана, бо знаходзіцца на тэрыторыі дзейнага прадпрыемства, але з боку парка можна паглядзець на прыгожы неагатычны фасад. Будынак шмат разоў перабудоўваўся і зменьваўся, але нешта цікавае ўсё адное захаваў.

Варонча сядзіба

Драўляная сядзіба ў Варончы была знішчана ў 1943 годзе, ад яе анічога не захавалася, нават знайсці месца дзе яна стаяла досыць праблематычна.

Варонча старое фота
Стары здымак, да 1932 года

Ёсць інфармацыя пра тое як выглядаў дом унутры, ну і фота інтэр’ераў.  Так сядзіба мела каля 20 пакояў. Сярод іх найбуйнейшым была зала-сталовая, да якой далучалася галерэя. Гэты пакой займаў амаль усю сярэдзіну дома ад боку заезду і палову прасторы паміж правым ганкам.

Варонча сядзіба

Салон “зялёны” меў найбольш багатую абстаноўку і ўключаў ўзорыстую абіўку сцен, столь, якая была аздоблена дэкаратыўнай тынкоўкай і бронзавай жырандоллю з крышталямі. У гэтым пакоі стаяла некалькі вельмі цікавых камплектаў мэблі ў стылі Людовіка XVI, – рознага кшталту сталы і столікі, канапа, а таксама шмат крэслаў.

Варонча сядзіба ўнутры - як выглядала?

Нягледзячы на сумны лёс апошніх уладароў Варончы і на тое, што сядзіба была знішчана, наведаць гэтыя мясціны варта. Тут часткова захаваўся пейзажны парк, які памятае мінулае, таксама можна зазірнуць на старыя могілкі, якія сталі апошнім месцам спачыну для Мержаеўскіх, Любанскіх і Чарноўскіх.

Варонча могілкі

Ніжэй кропка з адзнакай будынка бровара:

Гэтыя мясціны сапраўды багатыя на цікавосткі і гісторыю, таму раю з’ездзіць у Туганавічы дзе была сядзіба Верашчакаў і дзе збіраліся філарэты. Яшчэ адзін напрамак – гэта царква ў вёсцы Райцы і спадчына Раецкіх.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here