А вы ведалі, што калісьці ў горадзе Маладзечна была свая Трыумфальная арка? Яе пабудавалі ў першай палове 20 стагоддзя, на мяжы тагачаснага мястэчка і фальварка Гелянова. Усё пачалося з таго, што для польскіх вайскоўцаў у гэтых краях з 1922 года ўзводзіўся ваенны гарадок, дзе размясціўся гарнізон 86-га пяхотнага палка (Мінскі стралковы полк). Колькасць жыхароў хутка павялічвалася, што па сутнасці і прывяло да таго, што ў 1929 годзе Маладзечна атрымлівае афіцыйны статус горада. У тым жа годзе ўрачыста адкрылі і Маладзечанскую Трыумфальную арку, будаўніцтва якой вялося ў гонар кіраўніка Другой Рэчы Паспалітай – Юзэфа Пілсудскага.


Арка выглядала па-сапраўднаму шыкоўна і мела назву “Менская брама”. З боку старой часткі горада мінакі бачылі статуі рыцараў і львоў, а паабапал ішла невялікая балюстрада з дарыйскімі калонамі (па чатыры штукі). Сцены ўпрыгожвалі барэльефы на розныя вайсковыя тэмы.

З іншага боку брама прыцягвала ўвагу сваім другім паверхам, дзе месцілася капліца, адкуль капелан рабіў прамовы падчас ваенных урачыстасцяў. На самым версе аркі нейкі час стаяла статуя рыцара з мячом і паднятай паходняй, але яшчэ ў 30-ыя гады скульптуру дэмантавалі, замяніўшы на флагшток.


У інтэрнэце ёсць некалькі версій і здагадак аб тым, дзе дакладна знаходзілася арка. Усе яны адрозніваюцца літаральна на метры. Добрым арыенцірам служыць дом па вуліцы Машэрава 2, брама размяшчалася з ім амаль на адным узроўні.

З капліцай, якая была ў арцы, звязана цікавая гісторыя, дакладней з ейным звонам. Пасля таго як горад Маладзечна ўвайшоў у склад БССР у 1939 годзе ўсе польскія атрыбуты і статуі дэмантавалі. Выключэннем не стаў і звон. Затым многія з гэтых артэфактаў надоўга зніклі з поля зроку, застаючыся забытымі на складах і ў Дамах Культуры. І тут нечакана гэты звон знаходзяць у Мінску, па адрасе праспект Незалежнасці 16, у доме з гадзіннікавай вежай.


За савецкім часам арка хоць і была пазбаўлена дэкаратыўных вынаходстваў, але ўсё яшчэ заставалася цэлая. Каля падножжа брамы вырашылі захаваць статуі львоў, на якіх так любілі фатаграфавацца дзеці таго перыяду. Сітуацыя змянілася ў 60-ыя, калі Маладзечна ўсё мацней разрастаўся. Былое Гелянова, якое раней лічылася ўскраінай, ушчыльную наблізілася да новага цэнтра горада.

Пасля таго як скончылася будаўніцтва рэгіянальнай трасы Р56, ужо актыўна загаварылі аб тым, што Менскую браму неабходна знесці. Галоўная прычына – сустрэчным машынам складана раз’ехацца ў вузкай арцы. Альтэрнатыўных варыянтаў рашэння праблемы не разглядалі і ў пачатку 60-ых Трыумфальную арку знеслі.

Сёння ніякіх напамінаў аб гэтым унікальным помніку не захавалася. Хаця яшчэ некалькі гадоў таму на аўтобусным прыпынку “Драмтэатр” вісела прыгожая таблічка са стылізаванай выявай аркі і надпісам “Гелянова”.

Раптам вам захочацца паглядзець гэтае месца, ніжэй адзнака на мапе з каардынатамі дзе раней стаяла брама.
У старой частцы горада можна ўбачыць былы кляштар трынітарыяў і Пакроўскую царкву.










