Гнезна, што ў Ваўкавыскім раёне, добра вядома дзякуючы гатычнаму касцёлу 16 стагоддзя, але гэта дакладна не адзіная цікавостка ў гэтым мястэчку. Так у цэнтральнай частцы Гнезна можна паглядзець былую сядзібу Тарасовічаў і шэраг гаспадарчых пабудоў, якія збудавалі напрыканцы 19 – першай палове 20 стагоддзя.


Сам маёнтак досыць стары і за сваю гісторыю заспеў багата шляхетных гаспадароў: тут і Хадкевічы, Акуні, Кердзеі, Ромеры. Верагодна, што сядзібны дом таксама неаднаразова мяняўся і перабудоўваўся. Той будынак які можна ўбачыць сёння, хутчэй за ўсё быў збудаваны пры Геранімэ з Тарасовічаў, дзесьці бліжэй да 1840 году.

Сядзіба выканана ў архітэктуры позняга класіцызму і мае даволі сціплыя памеры. Парадны ўваход вылучаецца цікавым порцікам, ніжняя частка якога аформлена аркамі, а верхняя традыцыйнымі дарыйскімі калонамі.

Злева ад галоўнага ўваходу ёсць цікавая прыбудова – гэта пяцігранны алькеж з вузкімі арачнымі вокнамі.

Паабапал ад дома размяшчаюцца невялічкія квадратныя афіцыны, падобныя па памерах і формах. Першая выкарыстоўвалася пад кухню, а вось другая пад патрэбы канцылярыі. Цяпер у адным з гэтых будынкаў працуе пошта.

Цераз дарогу ад сядзібы захавалася лядоўня, – гэтая кампактная пабудова з неагатычнымі спічастымі праёмамі вокнаў і дзвярэй.

Падобную архітэктуру мае і былая стайня, толькі тутака праёмы авальныя.

Тарасовічам маёнтак Гнезна належаў да 1937 года, пасля чаго перайшоў да роду Сташэўскіх, – менавіта яны былі апошнія ўладальнікі. У 1939 годзе сядзібу нацыяналізавалі. Для якіх мэт яна выкарыстоўвалася за савецкім часам невядома, але хутчэй за ўсё тут размяшчалася адміністрацыя калгаса. У інтэрнэце сустракаюцца допісы, што ў 80-ыя сядзібны дом стаяў занядбаным. Таму дзіўны той факт, што сёння будынак выглядае адноўленым і актыўна выкарыстоўваецца (гэта датычыцца і гаспадарчых пабудоў у тым ліку).

Сядзіба Тарасовічаў знаходзіцца на вуліцы Зялёная, добры арыенцір – вадаём. Ніжэй адзнака з размяшчэннем на мапе:
Калі будзеце ў Гнезна, то абавязкова паглядзіце Ваўкавыск і суседнюю вёску Мсцібава, дзе захаваўся прыгожы неагатычны касцёл Святога Яна Хрысціцеля.










