Старадаўняе мястэчка Беніца вядома ў гісторыі з сярэдзіны 15 стагоддзі. Спачатку паселішча ўяўляла сабой некалькі разрозненых хутароў, частка з якіх належала татарам, а частка прадстаўнікам мясцовага дваранства сярод якіх былі Валовічы, Аляшкевічы, Камаровы, Астравухі і некаторыя іншыя. Усе яны часам спрачаліся пра межы сваіх невялічкіх маёнткаў. Бывала, што гэтыя спрэчкі не сціхалі гадамі, але часам зямельнае пытанне вырашаліся купляй ці продажам надзелаў, а часам нават і пры дапамозе зброі. Аднак да 1653 году, Беніца цалкам перайшла ў валоданне да прадстаўніка роду Коцелаў, а дакладна да Самуіла Гераніма. Дарэчы, пры гэтых Коцелах, у Беніцы будзе пасля заснаваны бернардзінскі кляштар і пабудаваны велічны Траецкі касцёл, ну і таксама закладзена фамільная сядзіба.

Будаванне касцёла, які можна паглядзець і сёння, распачалі па загаду Міхаіла Казіміра Коцела, магчыма аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў гэтага роду. Пасля завяршэння работ, Беніца становіцца для Коцелаў галоўнай рэзідэнцый.

Для будаўніцтва сваёй сядзібы, Коцелы запрасілі італьянскага архітэктара Карла Спампані, які да таго часу ўжо паспеў скончыць сядзібу Радзівілімонты для Радзівілаў.


Драўляны варыянт сядзібы Коцелаў, што прапанаваў Спампані, верагодна быў скончаны ў 1781 годзе. Дом зрабілі з лістоўніцы, ён меў адзін паверх на каменным цокалі, затое з высокай мансардай.

Па баках ад галоўнага ўваходу размяшчаліся невялічкія сіметрычныя флігеля, а дамінантай выступаў даволі сціплы порцік на 6 дарыйскіх калонах. Што незвычайна, гэты драўляны палац прастаяў ажно да пачатку Другой сусветнай вайны.

Адначасова з сядзібным домам у Беніцы з’явіліся і розныя гаспадарчыя пабудовы. Сярод якіх моцна вылучаўся аднапавярховы свіран (на фота ніжэй). Размяшчаўся адразу насупраць галоўнага ўвахода ў палац. Будынак меў нетыповую вузкую прастакутную форму і ганак, які нагадваў парадны порцік дома.

Сядзібу акружаў вялікі ландшафтны парк, на тэрыторыі якога было некалькі маляўнічых сажалак.

Апошнімі ўладарамі маёнтка Беніца былі Швыкоўскія, аднак пасля нацыяналізацыі на тэрыторыі іхняга сядзібнага комплексу вырас калгас. Частку старажытных пабудоў Коцелаў працягвалі выкарыстоўваць аж да 90-ых гадоў, аднак сёння адзіным напамінам служаць руіны невядомага будынка з бутавага каменя.

Знайсці месца дзе стаяў палац можна толькі калі супаставіць старыя і сучасныя мапы, ніякіх падказак на ландшафце няма. Цяпер даволі складана ўявіць, што калісьці на гэтым участку знаходзіўся багаты двор.


Цікавы факт: каля дарогі, якая вядзе ад сядзібы да цэнтра Беніцы, калісьці стаяла і мемарыяльная калона ў гонар канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Падобныя аб’екты сустракаліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, іх у асноўным ставілі ўладальнікі маёнткаў. Па ўсёй імавернасці, Коцелы не былі выключэннем з гэтага спісу. Калона, як і палац, да нашых дзён не захавалася.

Лепшым напамінам аб тым, што на гэтых землях калісьці жылі Швыкоўскія і Коцелы служыць Пакроўскі храм і той самы Траецкі касцёл.


Ніжэй кропка з месцам дзе знаходзілася сядзіба:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю заехаць у Лебедзева, каб паглядзець на цікавую неагатычную капліцу.










