Абадоўцы – гэта вёска, якая калісьці належала досыць знакамітаму роду Багдановічаў. На тэрыторыі Беларусі ва ўладанні гэтай сям’і налічвалася каля 7 маёнткаў, адзін з якіх як раз і знаходзіўся ў Абадоўцах. На жаль, сама сядзіба Багдановічаў не захавалася, але можна паглядзець фамільную капліцу-пахавальню, а таксама рэшткі розных гаспадарчых пабудоў.

Капліца ў Абадоўцах была пабудавана ў сярэдзіне 19 стагоддзя на невялічкім узгорку, мае выразныя рысы неагатычнага стылю архітэктуры і квадратную форму. Па вуглах асноўнага аб’ёму размяшчаюцца вежкі са шпілямі.


Першапачаткова каплічка была прыпісана да прыхода касцёла ў Ільі. Аднак пасля падаўлення паўстання 1863 года, парафія была скасаваная і да самага яе аднаўлення (1905 год) абадоўская капліца прыпісвалася да касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Альковічах. Раней да капліцы вяла прыгожая алея, і акружаў парк, які сёння заўважна парадзеў, але агулам захаваўся.

Будынак капліцы Багдановічаў абнесены сціплым драўляным плотам. Вакол можна ўбачыць надмагілля розных часоў, у асноўным гэта астанкі якія перапахавалі са склепа ўжо ў 90-ыя гады.


Застаўся вельмі непрыемны факт у гісторыі, бо за савецкім часам капліцу разрабавалі і зрабілі ў яе сценах склад для захоўвання атрутных рэчываў. У 1994 годзе храм аднавілі і асвяцілі ў гонар Божай Маці, з таго часу каплічка з’яўляецца філіялам касцёла ў Ільі (як было гістарычна).

А што вядома пра сядзібу Багдановічаў у Абадоўцах?
А што вядома пра сядзібу Багдановічаў у Абадоўцах? Мяркуецца, што маёнтак у гэтым краі сфармаваўся пры Ігнаціі Багдановічы, да якога Абадоўцы перайшлі яшчэ ў 1787 годзе. Ігнацы актыўна ўкладаўся ў развіццё гаспадаркі і лічыўся адным з найбуйнейшых магнатаў Вілейшчыны. Ягоную справу працягнулі нашчадкі, так старэйшы сын Отан хутчэй за ўсё і збудаваў сядзібу якую можна ўбачыць на старых фота.

Сядзіба была акружана паркам, а ўезд да яе быў агароджаны высокімі таполямі, якія ўяўлялі сабой цяністую алею. Побач з сядзібным домам, у асобным будынку, жыла прыслуга.

Сярод гаспадарчых пабудоў былі таксама кузня, стайня, сыраварня, бровар і дом агародніка. Сыр, які выраблялі ў маёнтку, прадавалі нават за мяжой, у Варшаве. За вінакурняй знаходзіўся будынак памежнай заставы (не захаваўся).


Сядзібу Багдановічаў спалілі ў вірах гісторыі і ваенных часоў, а ейныя руіны цалкам зніклі. Але ж хто ведае, магчыма яшчэ і можна адшукаць падмуркі дома.


Ніжэй кропка з месцам на мапе, дзе стаіць капліца Багдановічаў:
У гэтым краі будзе таксама цікава заехаць да храма ў мястэчку Вязынь, а яшчэ паглядзець рэшткі сядзібы Тукалаў у вёсцы Асцюковічы.










