Старадаўняе мястэчка Лыскава (Лыскаў) згадваецца ў гісторыі яшчэ ў самым пачатку 16 стагоддзя, а пра багатую і насычаную гісторыю нагадваюць шэраг славутасцяў: гарадзішча, драўляная царква і вядома былы кляштар місіянераў з руінамі касцёла Найсвяцейшай Тройцы.


Ёсць звесткі, што першы драўляны касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1521 годзе, калі Лыскава валодаў Мацей Клачко. Аднак манахі-місіянеры прыехалі на гэтыя землі значна пазней – у сярэдзіне 18 стагоддзя, па запрашэнні і заступніцтве Яна Казіміра Быхаўца.

Манахі гэтага ордэна займаліся дабрачыннай дзейнасцю і дапамогай нямоглым, акрамя таго ў Лыскаве яны адкрылі школу для навучання дзяцей. Місіянерскі ордэн не быў такім распаўсюджаным на тэрыторыі Беларусі як да прыкладу базыльянскі ці езуіцкі. Наколькі мне вядома быў толькі яшчэ адзін такі буйны кляштар, – размяшчаўся ў Асвеі, Віцебская вобласць.


Да 1785 года былі скончаны работы па будаўніцтве каменнага касцёла Святой Тройцы. На той момант у архітэктуры яшчэ не было магутнай вежы-званіцы, яе дабудуюць крыху пазней – у 1818 годзе.

Ёсць меркаванне, што праект храма распрацаваў прыдворны архітэктар Сапег – Самуэль Бэкер, на ягоным рахунку мноства культавых аб’ектаў і збудаванняў (Сапегаўскі палац у Дзярэчыне, Ружанскі “Версаль”, касцёл у Ружанах).

Пасля паразы паўстання 1830 года, кляштар у Лыскаве скасавалі, а пасля падзей 1863 года ліквідаваны і сам каталіцкі прыход. У 1866 годзе храм часткова перабудавалі і перадалі ва ўлонне праваслаўнай царквы, а ў 20-ыя гады, 20 стагоддзя, будынак быў зноўку вернуты каталікам.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны храм стаяў напаўзакінутым, аднак заставаўся відавочна цэлым, у адрозненне ад іншага касцёла, вядомага ў Лыскаве як “Чырвоны”.

Унутры храма часткова захаваўся стары роспіс і нават алтары, выглядае гэта сапраўды файна.


Па сваёй архітэктуры Лыскаўскі касцёл – гэта незвычайная сумесь позняга барока і класіцызму (часам яго адносяць да стылю віленскага барока). Дамінанта – высокая 4-ярусная вежа, упрыгожаная пілястрамі, аркамі і нішамі.

Па баках будынка масіўныя сакрысціі ў кожнай з якіх размяшчаўся алтар. Касцёл аднанефавы, але пабудаваны на вялікім падмурку, што толькі дадае яму нетыповасці. Дзесьці ў 2010-11 гадах адноўлена агароджа вакол касцёла, а таксама ачышчаны брук. На касцельнай тэрыторыі знаходзіцца магіла Францішка Карпінскага – паэта, драматурга і яскравага прадстаўніка сентыменталізму.

Па суседстве ёсць яшчэ адно старое пахаванне – верагодна аднаго з ксяндзоў.

Знайсці гэтую цікавостку нескладана, касцёл стаіць у самым цэнтры аграгарадка Лыскава, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, то раю паглядзець мемарыяльную калону ў Асошніках, а таксама з’ездзіць у Поразава.










