У Беларусі багата не толькі архітэктурных цікавостак, але і помнікаў прыроды, адзін з такіх аб’ектаў – “Нявесцін камень”. Знаходзіцца ён у Ашмянскім раёне, недалёка ад вёскі Агароднікі і як у нас часта бывае, незвычайны валун “аброс” самымі рознымі легендамі і гісторыямі.

Ёсць такая здагадка, што гэты камень на нашыя землі прынёс ледавік з Аландскіх астравоў больш за 130 000 гадоў таму.

Аднак існуе і больш народная версія, з адценнем нават містыкі, якая адсылае да часоў, калі продкі нашыя верылі ў паганскіх багоў.

Паводле гэтай легенды, маладая дзяўчына не змагла перажыць страту каханага, які патануў у возеры, і кінулася ўслед за ім. Вада з часам перасохла і жыхары найбліжэйшых вёсак знайшлі на дне гэты самы камень. Мясцовыя падумалі і вырашылі, што душа маладзіцы захавалася ў валуне, ну і таму далі яму такую назву – Нявесцін камень.

Тэрыторыя з густым лесам і ракой Ашмянка гэтай легендзе толькі спрыяла, а маладыя дзяўчаты сталі ўсё часцей прыходзіць да прыгожага Рамбакаўскага рову, каб павесіць стужачку на дрэва і дакрануцца да каменя.

Лічыцца, што калі пакінуць стужку, то гэтае можа дапамагчы знайсці сапраўднае каханне, жаніха ці нават зачаць дзіця, – вось такая ашмянская легенда.

Старажытны валун атрымаў статус “Помнік прыроды” яшчэ ў 1996 годзе. Памеры яго ўражваюць, а вага па прыблізных разліках складае больш за 70 тон.

У 2015 годзе тэрыторыю вакол каменчыка акультурылі, усталявалі інфармацыйныя таблічкі, а таксама зрабілі аглядную пляцоўку і лесвіцу. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю заехаць у Ашмяны і наведаць мясцовую сінагогу, а таксама паглядзець касцёл на цэнтральнай плошчы.








