Фота з балота Ельня сталі з’яўляцца ўсё часцей у Інстаграм ды іншых сацсетках: больш і больш беларусаў адкрываюць для сябе гэтую дэстынацыю, а не падзяліцца хараством гэтых краявідаў немагчыма. Але Ельня можа ўразіць не толькі хараством пейзажу!

Турыстычная інфраструктура на Ельні актыўна развіваецца: тут адрамантавалі і зрабілі даўжэйшай экасцяжыну, правялі шмат трэнінгаў і атэстацыю для гідаў, хутка ўсталююць дзве 10-метровыя назіральныя вышкі. Усё гэта ў межах праектаРазам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Чароўны свет Ельні: 7 фактаў пра знакамітае балота
фото: Аляксандр Вінчэўскі (АПБ)

АПБ сабрала для вас 7 цікавых фактаў пра самае вялікае верхавое балота Беларусі.

Натхняйцеся на незабыўную вандроўку!

  1. Плошча балота – амаль як Мінск. Само яно – быццам пагорак: сярэдзіна ўздымаецца над краем на 7 метраў! З Ельні выцякае некалькі рэчак, а ў само балота ніякіх рэк не ўпадае.
  2. На балоце Ельня 118 азёр. Іх вада мяккая і настолькі чыстая, што яе можна піць. Па многіх азярках рассыпаныя дробныя астравы з соснамі, яны візітная картка Ельні і многім знаёмыя па фотаздымках. Але нашмат захапляльней убачыць іх на свае вочы.
  3. Ельня знакамітая сваімі жураўлямі, якія тут не толькі гняздуюцца, але і тысячамі збіраюцца падчас восеньскай міграцыі, каб пакарміцца на навакольных палях, але начуюць на Ельні. Нездарма гэтае балота атрымала статус тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння. Ключавы від для гэтай тэрыторыі не толькі шэры журавель, але яшчэ нашы самыя вялікія кулікі, якія ростам прыкладна па калена чалавеку: вялікі грыцук і вялікі кулён.
Курс на поўнач: едзем здзіўляцца ў Міёрскі раён
фото: Татьяна Алешка (АПБ)

4. Ельня мае таксама статус ключавой батанічнай тэрыторыі. Тут растуць 13 рэдкіх відаў раслін, у тым ліку карлікавая бяроза і марошка. Усе, бадай, ведаюць, што Ельня – балота-рэкардсмен па колькасці журавін у Беларусі. Але нямногія ведаюць, што тут растуць не толькі звычайныя балотныя журавіны, але і драбнаплодныя, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Драбнаплодныя ёсць толькі на самых старых балотах Беларусі.

5. Многія мараць пабачыць драпежную расліну расіцу і, калі прыязджаюць на Ельню, здзіўляюцца яе дробнаму памеру. На Ельні расце два віды расіцы: круглалістая, якую па-беларуску яшчэ называюць загардушкай ці божай расой, і даўгалістая, або англійская расіца. Сувязь назвы з расой не выпадковая: драбнюткія кропелькі ліпкай “расы” расіца выдзяляе, каб злавіць насякомых.

6. Слой торфу на Ельні дасягае 7-9 метраў! З улікам таго, што за год слой прырастае ў сярэднім усяго на 1 мм, можна падлічыць, што балоту каля 9000 гадоў. Галоўныя торфаўтваральнікі на Ельні – мхі сфагнумы. Каранёў у іх няма – калі вынуць мох з вады і потым пакласці назад, ён працягне расці. Ніжняя частка моху пакрысе адмірае і пераўтвараецца ў торф.

7. На Ельні ёсць зручная экасцяжына з драўляным насцілам, з якой адкрываюцца цудоўныя краявіды, але прагуляцца па балоце можна і ў балотаступах. Такую паслугу аказвае ДПУ “Ельня”. Нідзе ў Беларусі няма столькі мясцовых гідаў, як у Мёрскім раёне! Тут яны прапаноўваюць экскурсіі з самымі рознымі фішкамі: квэстамі і віктарынамі, ёгай і медытацыяй, зборам ягад, “балотным СПА”, лоўляю рыбы.

экотропа ельня
фото: Аляксандр Вінчэўскі (АПБ)

Нават тых, хто чуў пра Ельню мільён разоў, але ўпершыню там апынуўся, яна заўсёды здзіўляе, – кажа спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. – Турысты і ўдзельнікі нашых балотных валанцёрскіх летнікаў дзеляцца з намі, што іх найбольш уразіла на Ельні, і мы адабралі топ. Тут многія ўпершыню адчулі, як ачмуральна пахне багун і як спружыніць сфагнум пад нагамі, убачылі, дзе і як растуць журавіны, якія неапісальныя колеры ў верасу, якая маленечкая насамрэч драпежная расліна расіца, наколькі зорнае над Ельняй неба. Яшчэ не сустракаў чалавека, у каго гэтае балота не выклікала б захаплення.

экотропа ельня
фото: Аляксандр Вінчэўскі (АПБ)

Трэба ведаць!

  • Памятай, што на балоце нельга распальваць агонь і паліць цыгарэты – торф лёгка загараецца.
  • Не заязджай на балота на аўтамабілі, не пакідай смецця і не збірай букетаў з балотных раслін.
  • Раім узяць з сабой фотакамеру і бінокль, апрануцца ў камфортнае непрамакальнае адзенне, прыхапіць перакус і сяброў.
  • Калі шануеш прыроду – вазьмі, калі ласка, мяшок, каб сабраць смецце за абыякавымі суайчыннікамі.

Заплечнік гатовы? Наперад – здзіўляцца Ельні!

Чароўны свет Ельні: 7 фактаў пра знакамітае балота

5 1 голос
Оцените статью
Подписаться
уведомления
0 Комментарий
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии