Дубае (сустракаецца таксама варыянт – “Дубай”, а на старых мапах ёсць варыянт “Дубая”) згадваецца ў летапісе яшчэ з канца 15 стагоддзя. Маёнтак неаднаразова пераходзіў ад аднаго гаспдара да наступнага. У розныя часы Дубае валодалі і Радзівілы, і Агінскія, але бадай што найбольшы адбітак пакінулі Кужанецкія. Да іх гэтыя землі перайшлі ад Пінскіх езуітаў, чыя місія дзейнічала ў гэтым краі да 1773 года. Якраз у гэты момант, пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна, Юзэф Кужанецкі набывае Дубай. Прыкладна ў той час заканчваюцца работы па будаўніцтве каталіцкай капліцы, а паралельна перабудоўваецца сядзіба і пашыраецца парк.

Сёння ад самой сядзібы Кужанецкіх засталіся толькі фрагменты: парк, некалькі гаспадарчых пабудоў і руіны брамы.


Галоўны ж і на маю думку найбольш цікавы аб’ект комплексу – гэта былы касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які служыў фамільнай капліцай-пахавальняй.


Па архітэктуры капліцу можна аднесці да стылю барока, сам будынак васьміграннай формы з даволі незвычайным шлемападобным заканчэннем. Уваход вылучаецца квадратным нартэксам, а завяршаецца пабудова невялічкай апсідай.


Капліца ў Дубае заспела мноства гістарычных падзей і толькі цудам захавалася ў вірах гісторыі. Ёсць нават звесткі, што капліцу рэстаўрыравалі ў 1920 годзе, пасля чаго яна працягвала выкарыстоўвацца як касцёл.

І калі фамільная капліца Кужанецкіх дайшла да нашых дзён “некранутай”, то лёс класічнага палаца склаўся зусім інакш.


Большасць даследчыкаў сыходзяцца, што ў 1944 годзе, сядзібны дом падарвалі нямецкія салдаты, а ўжо руіны мясцовыя разабралі на матэрыялы для будаўніцтва сваіх дамкоў.

Ацаніць маштаб комплексу можна па гравюры вядомага мастака Напалеона Орды.

Сядзібу збудавалі на магутных мурах з тоўстымі сценамі, будынак быў значна выцягнутым і па сутнасці аднапавярховым. Аднак у цэнтральнай частцы меў яшчэ паверх, які вылучалася трыма шырока размешчанымі эркерамі і трохвугольным франтонам. На даваенных фатаграфіях першай паловы 20 стагоддзя добра бачны яшчэ некрануты палац Кужанецкіх (*на той момант маёнткам валодала Марыя Выджджына, – яна лічыцца апошняй уладальніцай).

У цэнтры задняга фасада знаходзіўся двухпавярховы трохгранны рызаліт, да якога прылягаў порцік з двума парамі калон.

На бакавых фасадах стаялі невялікія двухпавярховыя алькоўныя вежы. У кожнай вежы меўся як мінімум адзін пакой.

Гуляючы па тэрыторыі комплексу былога маёнтка ў Дубае, звярніце ўвагу на парк, у якім захавалася дастаткова шмат рэдкіх дрэваў. Адно з найстарэйшых – дуб чарэшчаты, самой Боны Сфорцы, – мяркуецца, што ягоны ўзрост складае каля 450 гадоў(!).

Дарэчы, парк з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Тутака ж сфарміравана свая ўнікальная водная сістэма, аналагаў ёй вы не сустрэнеце нідзе ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што вадаёмы моцна змялелі, а берагавая лінія парасла хмызнякамі і дрэвамі, збольшага водная сістэма застаецца адпаведнай старога плана. Злева ад капліцы ёсць жылая пабудова, цалкам імаверна, што раней гэта быў дамок для працоўных, альбо адміністратара. На здзіўленне тут і сёння нехта жыве.


На ўездзе ў сядзібу засталіся слупы брамы, якая будавалася яшчэ пры Кужанецкіх.

Дубае – сапраўды дзіўнае мястэчка, якое мае вялізарны турыстычны патэнцыял. Хочацца верыць, што яго здолеюць цалкам аднавіць. Каб патрапіць да парку трэба з’ехаць з вуліцы Брэсцкай (дарога H218) на вуліцу Паркавая і рухацца да брамы. Дарэчы, у цэнтры самой вёскі можна таксама паглядзець старадаўнюю царква 1811 года. Гэты храм, збудавалі тыя ж самыя Кужанецкія, але першапачаткова як уніяцкую царкву.

Гэты невялікі храм скончылі будаваць у першай палове 19 стагоддзя, на як раз на месцы былога кляштара манахаў-езуітаў. Ініцыятарам будаўніцтва выступіла Клатыльда Кужанецкая, – дачка першых уладальнікаў маёнтка Дубае. Царква па форме прамавугольная, выкананая ў архітэктурным стылі класіцызм.

Будынак багата аздоблены пілястрамі, а па перыметры цягнецца дэкаратыўны карніз. Усе вокны арачныя, што дапаўняе цікавае аблічча царквы. Агульны выгляд крыху псуе прытвор храма, які відавочна дабудавалі за савецкім часам.


На тэрыторыі храма захавалася драўляная званіца, пабудаваная ўжо ў другой палове 19 стагоддзя, калі царква стала праваслаўнай.

Цікавы факт: кадры з царквой Нараджэння Багародзіцы можна ўбачыць у фільме Корш-Сабліна “Першыя выпрабаванні” (1960-1961). Ён здымаўся ў тым ліку ў наваколлях Дубае, Пінска і Драгічына.


На ўнікальных кадрах гэтага фільма, знятага па матывах трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, можна разгледзець тагачасны інтэр’ер царквы.

Апроч таго ўбачыць як выглядаў парадны ўваход (да жудаснага прытвора) і навакольная тэрыторыя. Яшчэ адна цікавостка, якая мільгае і ў кадрах фільма, – старая хата святара, сёння гэты будынак выглядае часткова занядбаным.

Знаходзіцца крыху далей ад храма, калі рушыць па вуліцы Вішнёвая. Пабудаваны з дрэва дзесьці напачатку 20 стагоддзя.

Ніжэй кропка з адзнакай месца дзе стаіць капліца:
Калі будзеце ў гэтым краі, тады раю наведаць Іванава і паглядзець рэшткі касцёла побач з вёскай Язвіны.









