У невялікім аддаленні ад гістарычнага цэнтра горада Віцебск ёсць вартая ўвагі цікавостка – касцёл Святой Варвары (таксама вядомы як Падвіцебскі касцёл). Касцёл бадай што адзіны каталіцкі храм горада, які захаваўся з часоў Расійскай імперыі і ацалеў за савецкім часам. Таму нават на фоне багатага і каларытнага віцебскага барока гэты будынак вылучаецца сваёй суровай і магутнай архітэктурай з чырвонай цэглы.


Гісторыя гэтага месца пачалася яшчэ ў канцы 18 стагоддзя, калі ў 1785 годзе віцебскі маршалак Антоній Косаў пабудаваў на каталіцкіх могілках невялічкі драўляны касцёл, які асвяцілі ў гонар Святой Варвары. Праз стагоддзе парафія настолькі разраслася, што маленькі храм ужо не змяшчаў усіх вернікаў, таму вырашалі будаваць новы мураваны касцёл.

Для гэтага запрасілі досыць вядомага інжынера-архітэктара Віктара Пятроўскага. Аднак дакладна невядома, ці пабудаваў ён цалкам новы храм, ці перабудаваў стары. Як бы там не было, будаўнічыя работы завяршыліся ў 1885 годзе.

Архітэктар Пятроўскі стварыў сапраўдны шэдэўр у неараманскім стылі з выразнымі элементамі неаготыкі і нават барока. Так двухвежавы фасад мае магутныя чатырохгранныя вежы з высокімі шпілямі, якія надаюць храму строгі і крыху што абарончы выгляд.

Сцены не тынкаваліся, а ўсе дэкаратыўныя элементы выкладзены непасрэдна з чырвонай цэглы.

У канцы 19 стагоддзі, падчас перабудовы храма, была ўзведзена каменная агароджа і брама.


Таксама цікавы факт, што першапачаткова касцёл меў больш выразныя рысы архітэктуры барока, а толькі затым быў перароблены ў пераважна неараманскім стылі. Ніжэй зрабіў фота, як храм мог выглядаць адразу пасля заканчэння работ.

Пасля прыходу савецкай улады касцёл напаткаў класічны для таго часу лёс: у 1922 годзе яго прымусова зачынілі, святара арыштавалі, а велічныя залы ператварылі ў звычайны склад для ўгнаенняў.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў: была разбурана вежа, а сцены літаральна парэзаны асколкамі снарадаў. У пасляваенныя дзесяцігоддзі касцёл стаяў занядбаным пасярод ускрайкі горада і паступова разбураўся.

Адраджэнне пачалося толькі ў канцы 1980-ых гадоў, дзякуючы намаганням каталіцкай супольнасці і рэстаўратарам. Так у 1993 годзе храм быў цалкам адноўлены і нанова асвечаны.

Справа ад уваходу ў касцёл ёсць невялікая капліца Святога Крыжа. Яе пабудавалі яшчэ ў 1800 годзе (цалкам перабудавана ў 1990).

Тут жа захаваліся старажытныя каталіцкія могілкі, многія пахаванні датуюцца пачаткам 19 стагоддзя.

Вось яшчэ адзін цікавы факт пра гэты храм. Калі ў 1999 годзе была створана Віцебская дыяцэзія, менавіта гэты касцёл атрымаў ганаровы статус Кафедральнага сабора і заставаўся галоўным каталіцкім храмам усёй Віцебшчыны ажно да 2011 года.

Калі вы шукаеце ў Віцебску месца з асаблівай аскетычнай атмасферай і хочаце адпачыць ад шумнага цэнтру, – тады абавязкова пераедзьце цераз мост да гэтага чырвонага волата. Яго муры дакладна памятаюць гісторыю горада і адкрываюць Віцебск зусім з нечаканага боку. Ніжэй кропка з адзнакай храма на мапе:
Раю таксама паглядзець помнік Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску.










