Вёска Дабраўляны (рус. Добровляны) знаходзіцца ў Смаргонскім раёне, недалёка ад гарадскога пасёлка Свір і трасы Р95, а галоўнай цікавосткай мястэчка з’яўляюцца пабудовы, што захаваліся з часоў сядзібы Гюнтэраў.

Палац у Дабраўлянах
Так выглядаў палац у Дабраўлянах, старая паштоўка першай паловы 20 ст.

Першыя згадкі пра Дабраўляны адносяцца да 16 стагоддзя, калі гэтыя землі належалі прадстаўнікам роду Зяновічаў. Аднак даволі хутка маёнтак перайшоў да Адама Роскага, а ад яго да Забірскіх. Затым чарада ўладальнікаў мянялася так хутка, што іх імёны нават не паспявалі запісваць у “летапісе”.

Дабраўляны

Сітуацыя змянілася, калі Дабраўляны набыў князь Павел Караль Сангушка (гэта якраз тая галіна Сангушак, якія валодалі замкам у Смалянах), пры якім тутака пачалося будаўніцтва барочнага палаца.

Дабраўляны, Беларусь

За Сангушкамі Дабраўляны заставаліся да 1785 года, пакуль Геранім Сангушка не вырашыў прадаць маёнтак братам Абрамовічам. Ад якіх у 1818 годзе багатыя землі пераходзяць да Адама Гюнтэра і Аляксандры Канстанцыі з Тызенгаўзаў. Верагодна, менавіта гэты перыяд у гісторыі Дабраўлян і варта лічыць сапраўдным росквітам.

Парк у Дабраўлянах

Як выглядаў палац Гюнтэраў у Дабраўлянах
Так выглядаў палац Гюнтэраў у Дабраўлянах

З 1823 па 1830 гады ішлі актыўныя працы па перабудове старога палаца Сангушак па праекце віленскага архітэктара Яна Барэці. Па выніку атрымаўся шыкоўны прыклад стылю класіцызм на падмурках барока. Паглядзіце як выглядала сядзіба Гюнтэраў (ніжні здымак), але на жаль, гэты помнік архітэктуры не захаваўся.

Палац Гюнтэраў Дабраўляны
1916 год

Як і многія падобныя маёнткі, старажытны палац моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, аднак заставаўся адносна цэлым. Разабраны ўжо пасля 40-ых гадоў на будаўнічыя матэрыялы, частка з якіх пайшла на ўзвядзенне розных калгасных пабудоў.

Капліца ў Дабраўлянах

У Адама Гюнтэра было тры дачкі, кожная з якіх адзначылася як у культурнай, так і асветніцкай дзейнасці. Цікавіліся пісьменніцтвам, музыкай і вандроўкамі. У Дабраўлянах бывалі многія з таленавітых дзеячаў тагачаснай беларускай культуры. Ёсць цікавыя гісторыі-ўспаміны пра тое, як Уладзіслаў Сыракомля высаджваў тут клёны, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч хаваўся ад уладаў пасля рэвалюцыі 1863 года, а Станіслаў Манюшка даваў прыватныя канцэрты.

Палац у Дабраўлянах
стары малюнак палаца, крыніца: архіў Vilnia University Library

У другой палове 19 стагоддзя Дабраўляны былі канфіскаваныя ў Гюнтэраў, а новымі ўладарамі сталі Хамінскія. Пры іх якраз і пабудаваны гаспадарчыя будынкі з чырвонай цэглы. За Хамінскімі Дабраўляны заставаліся ажно да 1939 года, пасля чаго багаты маёнтак нацыяналізаваны. Ёсць праўда і іншыя звесткі, што ў перыяд Міжваеннай Польшчы палац вярнулі спадчыннікам Гюнтэраў. Аднак існуе і трэцяя версія пра лёс маёнтка: сядзіба цалкам разбурана і разабрана яшчэ ў 20-ыя гады. Адзін з апошніх здымкаў, датуецца якраз 1920 годам.

Палац Дабраўляны, апошнія гады
20-ыя гады

Што захавалася ад былога маёнтка Гюнтэраў сёння? На ўскраіне вёскі можна ўбачыць невялікую прыдарожную капліцу, якую, як мяркуецца, усталявалі па даручэнні самога Адама Гюнтэра ў 1826 годзе.

Капліца Гюнтэраў
Стары малюнак

Ёсць каплічка, якую цяпер выкарыстоўваюць як мясцовы касцёл. Па ўсёй бачнасці першапачаткова гэты будынак меў гаспадарчае прызначэнне, а ўжо ў 90-ыя перароблены пад патрэбы парафіі.

Капліца ў Дабраўлянах

Найбольшую цікавасць выклікаюць тыя самыя цагляныя будынкі з неагатычнымі рысамі.

Руіны сядзібы Гюнтэраў

Лепей за ўсё ў Дубраўлянах выглядае вось гэтая пабудова, якая чымсьці нагадвае бровар ці стайню.

Сядзіба Гюнтэраў у Дабраўлянах

У аддаленні стаіць двухпавярховы дом, які хутчэй за ўсё служыў жыллём для рабочых.

Дабраўляны сядзіба

Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў

Аднапавярховы будынак – гэта ўжо былы дом эканома.

Дзе знаходзілася сядзіба Гюнтэраў

У старажытным парку можна адшукаць і падмуркі сядзібнага дома, і лядоўні, і мастка цераз рэчку, але ўсё ў моцна запушчаным стане. Ніжэй кропка з месцам дзе стаяў палац і размяшчаюцца гаспадарчыя будынкі.

Калі будзеце ў гэтым краі, тады раю з’ездзіць паглядзець на неагатычны касцёл у Нястанішках (Шыманелі).

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here