У мястэчку з прыгожай назвай Вольна можна паглядзець даволі ўнікальную цікавостку – былы касцёл, а сёння Троіцкую царкву. Гэты храма будаваўся ў сярэдзіне 18 стагоддзя, пры кляштары базыльянскага ордэна.


Гэтыя землі ўпершыню згадваюцца яшчэ ў 16 стагоддзі, як маёнтак Вольнае, які належаў Хадкевічам. З 1632 года, пры Каменскіх, тутака быў заснаваны кляштар манахаў-базыльян і збудаваны драўляны храм. А вось каменны касцёл, быў скончаны ўжо пры шляхціцах Дамаслоўскіх дзесьці да 1768 года (гэта дата калі храм быў асвячоны).


У 1839 годзе кляштар базыльян у Вольна быў скасаваны, касцёл яшчэ нейкі час заставаўся парафіяльным, але ёсць думкі што будынак наўпрост ажно да канца 19 стагоддзя пуставаў. Затым храм адышоў да праваслаўнай царквы і быў нязначна перабудаваны.


Тут трэба таксама адзначыць, што З канца 18 стагоддзя Вольна валодалі прадстаўнікі багатага роду Слізняў, якія пабудавалі тутака сядзібу (не захавалася) і развівалі гаспадарку. Мяркуецца, што падчас Другой сусветнай вайны, іхняю сядзібу спалілі немцы, а вось некаторыя іншыя забудовы часоў Слізняў захаваліся, у тым ліку парк.

З архітэктурай храма ўсё цікава. Так Габрусь Тамара Віктараўна адзначае, што царква ў Вольна адна з самых па-мастацку дасканалых помнікаў віленскага барока Гродзенскага і Слонімскага рэгіёну. А вось іншыя даследчыкі і гісторыкі, будынак адносяць да стылю ракако.


Царква ў Вольна мураваная і 3-нефавая, з 2 вялікімі вежамі і паўкруглай апсідай, а таксама бакавымі сакрысціямі і трансептам. Галоўны фасад вырашаны ўвагнутай хвалістай плоскасцю і завяршаецца прафіляваным карнізам, які ўмацаваны па вуглах і цэнтры ступеньчатымі контрфорсамі. У цэнтры царквы размешчаны цікавы ляпны картуш з лісця аканта, з каронай і воінскай атрыбутыкай.

Завяршэнне фасада стварае маляўнічы сілуэт усяго будынка, па цэнтры пукаты шчыт з плаўна выгнутым “разарваным” прафіляваным карнізам. Сцены багата аздоблены ляпнінай, пілястрамі і рознымі нішамі.


Вёска Вольна знаходзіцца недалёка ад трасы М1, ад яе трэба рухацца па дарозе H277, што звязвае Сталовічы і мястэчка Паланечка. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Ішкалдзь.








