Маёнтак Чэрніхава вядомы ажно з першай паловы 16 стагоддзя, як уладанне роду Неміровічаў. Потым гэтыя землі перайшлі да Астрожскіх, Даровічаў, Глебавічаў, а з другой паловы 17 стагоддзя належалі Рдултоўскім. Менавіта з іхнем прозвішчам і будзе звязана гісторыя сядзібы ў Верхнім Чэрніхава. Ад былога сядзібнага комплексу захавалася толькі некалькі пабудоў у розным стане: вежа-вяндлярня, падмуркі сядзібы, а таксама адноўленая фамільная капліца-пахавальня тых самых Рдултоўскіх.


Капліца была пабудавана дзесьці ў сярэдзіне 19 стагоддзя з цэглы. Па памерах прыкладна каля 8*10 метраў. Фасад капліцы-пахавальні вылучаецца чатырма калонамі дарыйскага ордэна, а франтон упрыгожаны гербам Рдултоўскіх.


Гэтая пахавальня размешчана на ўездзе ў Верхняе Чэрніхава, што цікава, абсыпана вакол тоўстым пластом зямлі.

За савецкім часам капліца Рдултоўскіх была разрабавана, а ўсе пахаванні знішчаны. У такім занядбаным выглядзе каплічка і стаяла да 2016 года. Але потым галоўную цікавостку Верхняга Чэрніхава адрэстаўрыравалі ініцыятыўныя людзі, якім было не ўсё адное на Беларускую спадчыну.


Яшчэ адна цікавостка былога маёнтка Рдултоўскіх у Верхнім Чэрніхава, што захавалася да нашых дзён, – цагляная вяндлярня. Гэта невялічкая пабудова ўяўляе сабой шасцігранную вежу ў два ярусы.

Вышыня гэтай вежы каля 6 метраў, а грані па памерах каля двух. Ярусы вяндлярні падзелены карнізам, якія крыху выступае за асноўны аб’ём.

Ніжні ярус вежы – чатырохметровы, вылучаецца невялікімі акенцамі, верхні – двухмятровы, упрыгожаны круглымі нішамі (магчыма гэта таксама вокны, якія проста заклалі). Вежа завяршалася шатровай страхой.


Ад гэтай вяндлярні ёсць сцяжынка, што прывядзе да месца дзе знаходзілася сядзіба Рдултоўскіх. На жаль, на тым месцы ўжо асабліва няма на што глядзець. Да таго ж, пра самую сядзібу ў Верхнім Чэрніхава вядома зусім няшмат. Згадваецца, што дом быў аднапавярховы, на высокім цокалі, месціўся ўдалечыні ад вёскі.


Апошнім уладальнікам гэтага маёнтка быў Канстанцін Пётр Рдултоўскі. Пасля таго як сядзібу нацыяналізавалі, яго арыштавалі і ў 1939 годзе саслалі ў Караганду.

Ад сядзібнага дома захаваўся толькі падмурак з падвалам. (Па іншай версіі і плане з кнігі Федарука дом стаяў у лесе, побач з вяндлярняй і ад яго нічога не засталося).


Побач стаяць цагляныя руіны іншых гаспадарчых пабудоў, магчыма таксама часоў Рдултоўскіх.


Верхняе Чэрніхава знаходзіцца на з’ездзе з трасы Р2, якая вядзе на Баранавічы. Вежа-вяндлярня стаіць справа ад жылых дамоў у самым канцы вёскі, а арыенцір для пошуку капліцы – масіўны ўзгорак справа ад дарогі, што да першых жылых дамоў, ніжэй кропка на мапе:
У Рдултоўскіх таксама быў сапраўдны палац у Снове. Недалёка ад Чэрніхава можна яшчэ паглядзець руіны капліцы-пахавальні роду Слізняў.








