Адметныя рэжысёры Беларусі

Для многіх беларускае кіно па-ранейшаму застаецца таямніцай, гэткай terra incognita. Аднак гэта не памяншае талент айчынных кінарэжысёраў. Гэта людзі розных лёсаў і позіркаў, якія абралі розныя стылістыкі і тэмы. Ўсе яны зрабілі ўнёсак у адну агульную справу – нацыянальную фільмаграфію. Кім можа ганарыцца краіна, з якіх фільмаў варта пачаць ці замацаваць знаёмства з беларускай рэжысурай, шукайце далей.

Міхаіл Пташук

Што глядзець: “Вазьму твой боль”, “Чорны замак Альшанскі”, “Знак бяды”, “У жніўні 44-га”

Міхаіл Мікалаевіч Пташук – класік беларускага кінематографу 80-х, хоць ёсць у яго фільмы ранейшых і пазнейшых перыядаў. Напрыклад, адзін з іх “У жніўні 44-га” апынуўся даволі моцным айчынным баявіком пачатку нулявых гадоў і атрымаў узнагароду як лепшы вайсковы фільм.

Міхаіл Мікалаевіч Пташук

Асобны дзякуй Пташуку трэба сказаць за экранізацыі беларускіх класікаў – Караткевіча, Шамякіна, Быкава. Менавіта праз “Знак бяды” Быкава Міхаіл Пташук трапіў у топ-дзесяць лепшых рэжысёраў Еўропы.

Як узгадваюць сябры, любімым словам Пташука было “матор!” Энергічны, поўны планаў, ён марыў зняць фільм пра беларускую катастрофу – Чарнобыль. Але так сталася, што загінуў акурат у гадавіну Чарнобыльскай аварыі ў 2002 годзе па дарозе на прысуджэнне прэміі “Ніка”.

Ігар Дабралюбаў

Што глядзець: “Белыя росы”, “Іван Макаравіч”, “Іду шукаць”

Ігар Дабралюбаў

Адным з самых знакамітых біларускіх кінатвораў, якія належаць гэтаму таленавітаму рэжысёру з’яўляецца камедыя “Белыя росы”. Яна адразу ж спадабалася не толькі беларусам, але і усім жыхарам СССР. Фільм атрымаў тытул “Лепшая камедыя года” па версіі часопіса “Савецкі экран”.

Іншая праца Дабралюбава “Іван Макаравіч” – кранальны фільм пра трынаццацігадовага хлопчыка, які губляе падчас вайны усіх сваякоў, атрымала гран-пры “Срэбраная Мінерва” на венецыянскім фестывалі дзіцячых фільмаў.

Віктар Шавялевіч

Што глядзець: “Прыйдзі і віждзь”, “Пастка для зубра. Ягайла” і “Пастка для зубра. Вітаўт”

Дзеці 80-х гг. верагодна памятаюць Шавялевіча як Велічнага Інквізітара ў “Казцы пра зорнага хлопчыка”. Выбітны дакументаліст, кіраўнік “Беларускага відэацэнтру”, ён першы пачаў здымаць на камеру беларускі балет. Ягонаму генію належыць фільм па сцэнарыю Святланы Алексіевіч “Бацькоўская хата”.

Віктар Шавялевіч

Аднак асаблівае месца хочацца прызначыць трылогіі пра часы ВКЛ: “Прыйдзі і віждзь”, “Пастка для зубра. Ягайла” і “Пастка для зубра. Вітаўт”. Цыкл распавядае пра адносіны Ягайлы ды Вітаўта, Крэўскую унію – сама гісторыя сыходзіць з падручнікаў і прапануе дакрануцца да яе. Гэта не зусім гульнёвае кіно, трылогію хутчэй можна аднесці больш да арт-хаўса. Узор выдатнай беларускай мовы і раскрыццё таямніц гісторыі Беларусі – залаты ўнёсак Віктара Шавялевіча.

Валерый Панамароў

Што глядзець: “Тутэйшыя”, “На чорных лядах”

Маючы за плячыма стажыроўкі ў такіх мэтраў, як Леанід Гайдай і Георгій Данэлія, Валерый Панамароў пэўны час працаваў рэжысёрам Купалаўскага тэатру, а потым перайшоў у камедыйнае кіно. Славу рэжысёру прынеслі два фільма, якія пабачылі свет на пачатку 90-х: “Тутэйшыя” паводле Янкі Купалы і “На чорных лядах” па Васілю Быкаву.

Валерый Панамароў

Цяжкі лёс напаткаў стужку “На чорных лядах”, якая была пакладзеная на паліцу. Хадзілі чуткі, што ў дзень прэм’еры нехта выкраў адзіную копію фільма з кінастудыі. “Забаронены фільм” пра выварат беларускай рэчаіснасці ў час прыходу камунізму паказваўся толькі двойчы, і толькі на немасавых праглядах у Расіі. Але памяць жыве, і сёння “На чорных лядах” можна свабодна знайсці ў інтэрнэце.

Віктар Красоўскі

Што глядзець: “Стораж”, “Душы мёртвыя”

У першую чаргу Віктар Красоўскі – таленавіты драматург, аўтар п’ес “Панк памёр”, “Пару дзён і ўсё”, PATRIS (у сааўтарстве з С. Анцалевічам і Д. Багаслаўскім). Ён чуйна рэагуе на змены і прыкметы новага часу, адлюстроўваючы гэтыя рысы як у тэатры, так і ў кіно.

Віктар Красоўскі

Дэбют Красоўскага ў кіно адбыўся з фільмам “Вартаўнік”, рэжысёр атрымаў Гран-пры «Варшаўскага фестывалю беларускага кіно Бульба-муві 2014» і месца ў каталогу праграмы Short film Corner «Міжнароднага кінафестывалю ў Канах – 2015». Карціна “Душы мёртвыя” перамагла ў нацыянальным конкурсе фестывалю “Лістапад-2016”.

Дар’я Жук

Што глядзець: “Сапраўдная амерыканка”, “Крышталь”

Гісторыя паспяховай эміграцыі: пераехаўшы ў ЗША, Дар’я апынулася ў сусвеце кіно, займалася прадзюсаваннем серыялаў “Сэкс у вялікім горадзе”, “Сапраўдны дэтэктыў”. Першым аўтарскім крокам Дар’і Жук стаў фільм “Сапраўдная амерыканка”, гераіня якога пытаецца прымірыць сваё постсавецкае мінулае з ліберальнай сучаснасцю. Фільм атрымаў пазітыўныя водгукі на еўрапейскіх і паўночна-амерыканскіх фестывалях.

Дар’я Жук

Хутка Дар’я плануе скончыць постпрадакшн стужкі “Крышталь”, якая прысвечана рэйв-плыні 90-х гадоў. Дарэчы, кіно здымалася з падтрымкай Беларусьфільму.

текст: Паліна Трохаўцава

Отправить ответ

avatar
  Subscribe  
уведомления