У Беларусі пад час восенскай і вясновай міграцыі можна ўбачыць самых нечаканых і нетыповых для нашага рэгіёна птушак. Адна з такіх дзівосных птушак як раз – Пясочнік Ісландскі (Calidris canutus). Усе фота з гэтага артыклу зроблены ў Мінску, напрыканцы жніўня, на Мінскім моры.

Памер у гэтага куліка сярэдні, так даўжыня цела каля 23–26 сантыметраў, а вага дзесьці 100–250 грамаў (але падчас пералётаў птушка можа быць значна цяжэйшай, бо актыўна набірае тлушч). Апярэнне – вельмі прыгожае, асабліва пад час гнездавання: чырванаватае з рудымі пёрамі на галаве, грудзях і брушку, а спіна з чорна-бурымі і залатымі плямамі. Дзюба ў Пясочніка Ісландскага сярэдняй даўжыні, прамая, чорная.


Харчуецца гэтая птушка ў асноўным малюскамі, дробнымі крабамі, чарвякамі, насякомымі. А каб іх здабыць праколвае дзюбай глебу, ці пясок, і такім чынам знаходзіць харчы.

Сваё гняздо птушка звычайна ладзіць у выглядзе ямкі ў зямлі. У кладцы 3-4 яйкі. Дарэчы, абое бацькі ўдзельнічаюць у гадаванні птушанят.

З пясочнікам ёсць і даволі цікавыя факты. Так лічыцца, што некаторыя птушкі пераадольваюць да 30 000 кіламетраў (туды і ў адваротны бок). Каб такія пералёты атрымліваліся, ісландскі пясочнік можа нават набраць масу, так бы мовіць, пра запас. Па-за сезонам гнездавання, птушкі трымаюцца ў вялікіх зграях, якія рухаюцца вельмі сінхронна. У Беларусі Ісландскі пясочнік не гняздуецца. Для нашага рэгіёну безумоўна рэдкі від, які пад час міграцыі адзначаецца нерэгулярна, невялікімі зграямі, але часцей – адзінкава.










