Калі вы любіце назіраць за тым як зменьваецца архітэктура і жыццё ў нашых гарадах, то сённяшні матэрыял вам будзе дакладна цікавы. У гэтым артыкуле сабраў кадры з кінафільма 1989 года – “Пад небам блакітным…”, дзе можна ўбачыць Мінск узору канца 80-ых – першай паловы 90-ых. Канешне з гэтым фільмам ёсць нюанс, ён адмыслова зняты ў так бы мовіць гнятлівых колерах, бо як ніяк, – гэта псіхалагічная і даволі складаная драма. Аднак нас цікавіць архітэктура і тагачасныя краявіды, так што глядзім скрыншоты, а напрыканцы будзе і невялічкае відэа з актуальнымі кадрамі горада.

Нямігу складана не пазнаць. Актыўна будуецца станцыя метро, а на кінакадрах мільгае Верхні горад з беласнежным саборам Сашэсця Святога Духа.

Ніжэй паглядзіце на скрыжаванне вуліц Мяснікова-Бабруйскай-Савецкай. Будынкі ў сутнасці такія ж як сёння, але вось транспарт і ягоная колькасць – моцна адрозніваецца ад сучасных.

Чыгуначны мост над Маскоўскай.

А вось галоўны чыгуначны вакзал сталіцы, да будаўніцтва таго будынка які мы добра ведаем застаецца яшчэ цэлых 10 гадоў.

Агульны краявід на вакзальную плошчу з боку дамоў “Вароты Мінска”.

У фільме “Пад небам блакітным” багата кадраў са сцэнамі цэнтральных вуліц Мінска: Рэвалюцыйная, Карла Маркса, Інтэрнацыянальная. Аднак пазнаць у іх сённяшні горад будзе дастаткова праблематычна. Бо не было рэканструкцыі, ну і карцінка даволі цёмная.



Некаторыя лакацыі з гэтага фільма змяніліся амаль да непазнавальнасці, вось напрыклад дамок па вуліцы Камсамольская 13А.

Будынак аднавілі і ўладкавалі ўнутраны двор, зараз тут знаходзіцца адна з папулярных рэстарацый горада – Pinky Bandinsky.

Хуценька на экране пралятае і мікрараён Сухарава, – яшчэ без высокіх дрэў, затое з ЦЭЦ-4.


А вось адна з самых першых сцэн фільма разгортваецца на Ваенных могілках па вуліцы Казлова.


Безумоўна, што калі ўважліва паглядзець цалкам гэты фільм, то зможаце “адшукаць” і яшчэ цікавых мінскіх лакацый. Ніжэй відэа дзе параўнаў кадры з фільма і сучасныя віды.
View this post on Instagram
Калі вам спадабаўся гэты матэрыял, тады таксама раю паглядзець на Мінск у фільме “Любімая” 1967 года.









