Недалёка ад трасы Р-54, якая злучае Новы Свержань і Нясвіж, ёсць невялічкая вёска – Новыя Навасёлкі, дзе можна паглядзець руіны касцёла на старажытных могілках. Рэшткі храма добра відаць яшчэ з дарогі, але можна адразу і не зразумець, што руіны гэтага будынка насамрэч былы касцёл, які быў збудаваны ў сярэдзіне 18 стагоддзя.


Мяркуецца, што будаўніцтвам гэтага касцёла займаўся нясвіжскі ксёндз Трацкевіч, а прыкладам для яго стаў Фарны касцёл у Нясвіжы.


Дакладна невядома, ці паспелі касцёл у Новых Навасёлках дабудаваць, а ці і не. Вядома, што храм дзейнічаў, была парафія, ёсць нават звесткі што ў першай палове 19 стагоддзя здарылася няшчасце – абваліўся дах. Але шмат фактаў даволі супярэчлівых і недакладных. Наткнуўся на інфармацыю, што касцёл так і не быў дабудаваны, толькі апсіда і частка сцен.


Як яно было сапраўды – ужо даведацца даволі складана. Па некаторых звестках будынак касцёла доўга прыходзіў у заняпад, да моманту, калі з пасылу Расійскай Імперыі руіны не прыстасавалі ў праваслаўны храм, вядома за кошт мясцовых жыхароў. Па іншых звестках, заняпаду не было, і храм наўпрост забралі ў каталікоў пасля 1863 года.


Каталіцкай парафіі будынак павярнулі ў 20-ыя гады, 20 стагоддзя, калі вёска Новыя Навасёлкі ўвайшла ў склад Польшчы. Касцёл аднак не сталі неяк асабліва зменьваць, таму ён застаўся ў так бы мовіць “абрэзаным” выглядзе. Аднак з прыходам бальшавікоў, як вядома вялікіх “аматараў архітэктуры і гісторыі”, у храме быў абсталяваны калгасны склад, што моцна паўплывае на стан будынка.

Сёння руіны касцёла ганарліва ўзвышаюцца ў цэнтры старажытных могілак, але на жаль, выглядаюць сумна і недагледжана.
Ёсць лі імавернасць што гэтую цікавостку адновяць? Хутчэй за ўсё не, таму калі вас цікавяць падобныя славутасці Беларусі, то варта адправіцца паглядзець. Касцёл размешчаны ў вёсцы Новыя Навасёлкі, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка таксама ёсць Свята-Іаана-Прадцечанская царква ў вёсцы Вішнявец.










