Мястэчка Кіякова (па-руску – Кияково) хутчэй за ўсё атрымала сваю назву ад былых уладароў – Кіякоўскіх. Яны тутака мелі сядзібу, а па некаторых звестках цэлы палац, з вялікай гаспадарскай. Збудавалі яны гэты маёнтак дзесьці ў сярэдзіне 19 стагоддзя, а некаторыя іхнія пабудовы ў напаўзруйнаваным стане захаваліся да нашага часу. Але асаблівай увагі ў Кіякова вартая капліца-пахавальня на могілках.

Капліцу Узвышэння Святога Крыжа пабудавалі за часам Аляксандра Кіякоўскага, датуецца гэты храм 1907 годам. Па сваёй архітэктуры капліца адносіцца да стылю неакласіцызм: прамавугольны, крыху выцягнуты будынак упрыгожаны фальш калонамі і накрыты страхой. Капліца Кіякоўскіх нейкі час нават выконвала функцыю касцёла.


На фасадзе будынка вылучаецца паўкруглае акенца, – бадай адзіны дэкаратыўны элемент усёй кампазіцыі. Пад сходамі капліцы месціцца невялічкая крыта, дзе пахаваны прадстаўнікі роду Кіякоўскіх.

З 1948 года, капліца ў Кіякова стаяла зачыненай і імаверна неяк не выкарыстоўвалася. У 90-ыя, будынак быў павернуты вернікам і з часам адрамантаваны. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава заехаць у Сітцы, каб паглядзець браму Дамейкаў. Яшчэ адзін цікавы напрамак у бок горада Глыбокае, там будзе вёска Дзеркаўшчына і даволі незвычайны касцёл.










