Мсціслаў (Амсціслаў) – гэта старажытны горад Магілёўскай вобласці, які знаходзіцца зусім недалёка ад мяжы з Расіяй. Мяркуецца, што паселішча тут было заснавана яшчэ ў 1135 годзе, таму нядзіўна, што ў горадзе і сёння багата розных цікавостак і славутасцяў. Адна з якіх, гэта безумоўна касцёл Святога Міхала Арханёла, што збудавалі пры кляштары езуітаў.


Місія езуітаў з’явілася ў Мсціславе ў канцы 17 стагоддзі. Крыху пазней, у 1730 годзе, пачалося будаўніцтва мураванага храма. Будынак быў скончаны толькі праз 8 гадоў, у 1738. Таксама пры кляштары былі ўзведзены: калегіум, аптэка, службовыя і жылыя карпусы. Агулам атрымаўся сапраўдны комплекс, які ўпрыгожыў тагачасны горад.


Вакол касцёла і тэрыторыі кляштара зроблена агароджа з чырвонай цэглы, а таксама невялічкая каплічка і брама. Гэтыя пабудовы адносяцца да другой паловы 19 стагоддзя.


Архітэктура храма першапачаткова адносілася да стылю барока. Аднак касцёл значна перабудоўваўся і мяняўся на працягу сваёй гісторыі, асабліва калі ў 1842 годзе быў прымусова перададзены праваслаўнай царкве. Паглядзіце для параўнання на здымкі тых часоў калі храм называўся саборам Святога Мікалая.


Кляштар езуітаў у Мсціславе скасавалі яшчэ ў 1820 годзе, памяшканні манахаў з часам сталі выкарыстоўваць пад манастырскія карпусы, але ўжо праваслаўнага храма.

За часам Другой сусветнай вайны Мсціслаў акупавалі нямецкія войскі, касцёл і будынкі кляштара стаялі напаўзакінутымі, але не былі разбураны. Пасля вайны сабор ізноў перабудавалі – знеслі вежы і купал, дабудавалі своеасаблівы калідор на ўваходзе.


Перад касцёлам у 1986 годзе ўсталявалі помнік у гонар Пятра Мсціслаўца (гэта адзін з кніжных першадрукароў, а таксама выбітны ўраджэнец Мсціслава). Са свайго пастамента ён неяк сумна глядзіць на адну з галоўных цікавостак горада.

Пасля таго, як у 2017 годзе абрынулася частка сцяны гэтага храма, пачалася неабходная кансервацыя і частковая рэканструкцыя касцёла. Умацавалі апорнымі канструкцыямі калоны, сцены і вежы, заклалі ўсе праёмы, знялі стары дах.

У планах – цалкам аднавіць храм, аднак калі гэта атрымаецца зрабіць, адказаць складана. Візуальна работы зараз не праводзяцца.

Дарэчы, цікавы факт, касцёл у Мсціславе спрабавалі аднавіць адразу пасля распаду СССР, яшчэ ў 90-ых. Вежа і дэкаратыўны франтон – гэта як раз з таго часу, але на жаль, скончыць не паспелі.

Касцёл месціцца ў самым цэнтры Мсціслава, насупраць былой мужчынскай гімназіі, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ трэба паглядзець у горадзе? Абавязкова зазірніце да кармеліцкага касцёлу і гарадзішча “Замкавая гара”.










