Калісьці даўно, Індура – была ажыўленым шматканфесійным мястэчкам, дзе суседнічалі беларусы, палякі і габрэі. З тых далёкіх часоў як раз захаваўся вельмі цікавы помнік архітэктуры – касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Гісторыя каталіцкай парафіі ў Індуры налічвае ўжо больш за 500 гадоў. Першая згадка пра мясцовую парафію датуецца 1522 годам, а праз два дзесяцігоддзі, па ініцыятыве маршалка ВКЛ Яна Давойны, тутака быў збудаваны і першы драўляны касцёл.


А вось той мураваны храм, які можна пабачыць сёння, пачалі ўзводзіць у 1815 годзе. Першапачаткова гэта была даволі строгая бязвежавая пабудова ў стылі позняга класіцызму.

Аднак напачатку 20 стагоддзя, да 1909 года, касцёл чакала кардынальная перабудова па праекце архітэктара Вільгельма Срокі. Менавіта тады да храма былі дабудаваны дзве вежы рознай вышыні, трансепт і паўцыркульная апсіда. Будынак набыў рысы эклектыкі з элементамі неабарока і неакласіцызму.


Галоўны фасад упрыгожвае магутны чатырохкалонны порцік.


За савецкія гады, калі большасць касцёлаў і цэркваў па ўсёй Беларусі зачыняліся, разбураліся ці ператвараліся ў склады, храм у Індуры не спыніў сваю працу. Больш за тое, гэта быў адзіны каталіцкі храм у БССР, дзе нават у часы афіцыйнага пераследу рэлігіі адкрыта і бесперапынна служылі айцы-езуіты. Асаблівую ролю ў гісторыі парафіі адыграў легендарны святар-езуіт Казімір Жыліс, які служыў тут з 1983 па 2000 год. У народзе яго паважалі за нястомную энергію, шчырыя пропаведзі і актыўную барацьбу за цвярозы лад жыцця ў Індуры.


Унутры касцёла, на адным з бакавых алтароў, можна паглядзець цудатворны абраз Маці Божай Снежнай. Таксама на сценах храма захаваліся прыгожыя фрэскі, створаныя каля 1900 года. На хорах усталяваны старажытны барочны орган, велічны гук якога і сёння суправаджае набажэнствы.

На касцельнай тэрыторыі захаваўся таксама будынак касцяніцы канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Пабудова выканана з цэглы і бутавага каменя.

Цераз дарогу ад касцёла яшчэ адна цікавостка – старадаўняя брама, цалкам імаверна, што калісьці тут стаяў кляштар езуітаў і іхнія келлі.


Індура – гэта безумоўна вельмі цікавы пасёлак Гродзенскай вобласці, які дакладна варта наведаць, ніжэй кропка з адзнакай касцёла на мапе:
Апроч касцёла Найсвяцейшай Тройцы, у Індуры можна паглядзець будынак занядбанай сінагогі, яшчэ царкву і былую сядзібу.










