Мінскі чыгуначны вакзал – гэта галоўныя транспартныя вароты краіны, праз якія штодзень праходзяць дзясяткі тысяч чалавек. Сённяшні шкляны будынак ужо як мінімум чацвёртае пакаленне мінскага вакзала. Думаю вы добра ведаеце, што гісторыя гэтага вакзала поўная драматычных разбурэнняў, архітэктурных эксперыментаў і маштабных перабудоў. Але нягледзячы на гэты факт, Мінскі вакзал не толькі важны помнік архітэктуры горада, але і годная цікавостка.

Калі сучасны вандроўнік ці турыст, ці жыхар горада, выходзіць з цягніка ў Мінску, яго сустракае велізарны шкляны атрыум, каскады эскалатараў і футурыстычная кансольная страха.

Думаю можна смела казаць, што мінскі вакзал сёння выглядае як сапраўдны транспартны хаб з усімі неабходнымі атрыбутамі. Аднак гэтае месца памятае часы, калі паміж пуцямі хадзілі каровы, а замест вялізарнага будынка стаяла невялічкая драўляная пабудова.

Гісторыя станцыі “Мінск-Пасажырскі” – гэта сапраўды люстэркавы адбітак лесу самога горада. Прынята меркаваць, што афіцыйны пачатак чыгуначнай гісторыі Мінска – гэта лістапад 1871 года, менавіта тады прайшоў першы таварна-пасажырскі цягнік са Смаленска ў Брэст. Аднак той цягнік рушыў праз Брэсцкі вакзал, які месціўся прыкладна на сённяшняй станцыі метро “Інстытут культуры”.


А вось гісторыя вакзала які знаёмы нам пачынаецца ў 1873 годзе, калі адбылося адкрыццё другой чыгуначнай лініі Мінска (Ландварава-Роменскай), для якой збудавалі яшчэ адзін вакзал – Віленскі. Менавіта на яго месцы і стаіць сучасны ЧВ на Прывакзальнай плошчы.


Прыгожы Віленскі вакзал у папулярным тады эклектычным стылі з элегантнымі вежкамі і неагатычнымі арачнымі вокнамі з’явіўся ў самым канцы 19 стагоддзя. Гэта быў першы па-сапраўднаму еўрапейскі вакзал сталіцы, які любілі жыхары горада. З часам будынак крыху пашырылі, – быў дабудаваны другі паверх.

Бадай што перад самым пачаткам вайны, будынак вакзала быў цалкам перабудаваны ў стылі канструктывізму з элементамі сталінскага ампіру і класіцызму, што зрабіла яго больш прасторным, але і пазбавіла сваёй асаблівасці. Падчас Другой сусветнай вайны вакзал быў моцна разбураны, аднак адразу пасля вызвалення Мінска будынак пачалі аднаўляць.

Паралельна на плошчы перад вакзалам будаваліся тыя самыя “Вароты Мінска” – дзве 11-павярховыя вежы, якія з часам стануць візітоўкай сталіцы.


У канцы 80-ых прымаецца рашэння “замяніць вакзал”, – так мы падыходзім да самай доўгай і грандыёзнай перабудовы галоўнай транспартнай артэрыі Беларусі. З цяжкасцямі і затрымкамі, але стары будынак вакзала савецкай эпохі быў цалкам дэмантаваны.

Урачыстае адкрыццё новага чыгуначнага вакзала, які мы бачым і сёння, адбыўся ўжо ў новым стагоддзі. Праект архітэктараў Віктара Крамарэнкі і Міхаіла Вінаградава стаў унікальным для тагачаснай Беларусі.

Калі вакзал толькі ўвялі ў эксплуатацыю, будынак моцна ўражваў. Таксама тут былі і цікавыя архітэктурныя асаблівасці, якія для таго часу выклікалі сваё “вау”. Так велізарны дах над Прывакзальнай плошчай нібыта вісіць у паветры без адзінай апоры, ствараючы адчуванне касмічнай прасторы. Шкляныя фасады выкананы з спецыяльнага таніраванага шкла, якое ўлетку абараняе ад сонца, а ўзімку захоўвае цяпло. Сам вакзал звязаны падземнымі галерэямі з метро “Плошча Леніна” і “Вакзальная” і таксама аўтавакзалам “Цэнтральны”, што дазваляе зрабіць перасадку, нават не выходзячы на вуліцу. Сёння – гэта ўжо ўспрымаецца спакойна і нават абыякава, але 25 гадоў таму было дакладна інакш.

Калі ў вас ёсць паўгадзіны перад адпраўленнем цягніка, не сядзіце ў зале чакання. Падніміцеся на верхні ўзровень атрыума – адкуль адкрываецца шыкоўны краявід на мітуслівую Прывакзальную плошчу і велічныя “Вароты горада”. Ніжэй кропка з адзнакай вакзала на мапе:
Паглядзіце таксама артыкул аб тым дзе знаходзілася першая электрастанцыя ў Мінску. Можа вам будзе цікава і ўбачыць як выглядаў Мінск у фільме 1989 года “Пад небам блакітным…”, там дарэчы таксама мільгае вакзал.







