Прозвішча Храптовічаў даволі добра вядомае, да таго ж з ім звязана шмат цікавых мясцін Беларусі. Адно з такіх месцаў нават часам называюць “Невядомым палацам Беларусі” – гэта гаспадарчы двор “Мураванка”, які знаходзіцца недалёка ад вёскі Шчорсы. Сёння на жаль былая гаспадарка старажытнага роду выглядае занядбана, але ўсё яшчэ ўражвае сваімі памерамі. Ніжэй на здымке фатографа Тэафіла Барэці паглядзіце як мураванка выглядала ў 1894 годзе.
Гэты двор Храптовічы пабудавалі ў першай палове 19 стагоддзя, а крыху пазней «Мураванка» была значна пашырана. Комплекс уключаў мноства розных пабудоў, большасць з якіх былі пабудаваны з чырвонай цэглы, у так званым «замкавым» архітэктурным стылі.
Па краях прамавугольнага двара размяшчаліся трох’ярусныя круглыя вежы, што надавалі яшчэ больш падабенства з палацам ці замкам.
У асноўным тут займаліся жывёлагадоўляй – вырошчваннем розных уродных жывёл: галандскія каровы, ангельскія свінні “ёркшыры”, авечак ды іншых.
Пад час Першай сусветнай вайны моцна пацярпела вёска Шчорсы, дзе быў палац Храптовічаў, і Мураванка. Адносна выратавала гаспадарку тое, што тут пачаў працаваць калгасны двор. Частку старога будынка адрэстаўравалі, частку перабудавалі. Аднак з часам “Мураванка” станавілася ўсё больш запушчанай, пакуль сітуацыя не стала зусім дрэннай. У пачатку 80-х будынкі комплексу яшчэ мелі дах і выглядалі так, як на фота ніжэй.
Цікавы факт: Мураванка і сядзіба Храптовічаў былі асноўнай лакацыяй для здымак серыяла 1998 года «Пракляты ўтульны дом».
Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях – раю паглядзець царкву ў мястэчку Нягневічы.