Вёска Гайна, што Лагойскім раёне, – досыць старое мястэчка, якое пісьмова згадваецца ў гісторыі яшчэ ў першай палове 15 стагоддзя. Сёння ў гэта складана паверыць, але раней тутака стаяў шыкоўны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які на жаль да нашага часу не збярогся.


Дарэчы, Гайнаўская парафія – першая рыма-каталіцкая парафія, якая была заснаваная на тэрыторыі Мінскай вобласці і адна з першых 7 каталіцкіх парафіяй, заснаваных у ВКЛ.

Першы касцёл у Гайне быў драўляны, з часам яго замянілі на іншы драўляны, а вось у 1781 годзе пачынаецца будаўніцтва каменнай святыні.

Касцёл скончылі і кансэкравалі ў чэрвені 1788 года. Дзейнічаў храм да 1866 года, а затым будынак прымусова забралі і часткова перабудавалі ў праваслаўную царкву.

У якасці царквы святыня ў Гайне дзейнічала прыкладна да 1930-х гадоў, апасля была зачынена. Храм моцна пацярпеў за Другую сусветную і больш не аднаўляўся. Рэшткі касцёла канчаткова разабралі, па іншых звестках узарвалі, ужо ў 50-ыя гады, мінулага стагоддзя.

Касцёл у Гайна адносіўся да стылю архітэктуры віленскага барока і ўяўляў сабой вялікую 2-вежавую базіліку, якая памерамі была прыкладна 37 х 18 метраў. Унутраная прастора храма падзялялася на 3 навы чатырма калонамі, якія неслі крыжовыя скляпенні. Хоры, на якіх стаяў 12-рэгістравы арган, абапіраліся на 2 магутныя апоры. У адрозненне ад многіх іншых касцёлаў краю святыня ў Гайне была крытая дахоўкай.

Сёння на месцы дзе калісьці стаяў касцёл толькі рэшткі падмуркаў, якія даволі складана заўважыць.

Ёсць і крыж-напамін, які быў тут асвечаны яшчэ ў 1996 годзе. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка ад вёскі Гайна знаходзіцца Лагойск, дзе можна паглядзець рэшткі сядзібы Тышкевічаў.










