Узімку ў грамадскую арганізацыю (АПБ) часта звяртаюцца людзі з адной і той жа тэмай: лебедзі не зляцелі ў вырай. Яны турбуюцца, што птушкі загінуць на марозе, і пытаюць, як ім дапамагчы.

Лебедзі засталіся зімаваць: анамалія ці норма?
здымак: elements.envato

Тое, што некаторыя лебедзі застаюцца на зімоўку, – нармальна. Для птушак не столькі страшны холад, колькі голад. Лебядзіны пух добра абараняе ад маразоў, лапы і дзюба ў птушак не мерзнуць, а ад голаду да таго ж засцерагае тоўсты слой тлушчу.

З пачатку 21 ст. зімы ў Беларусі ў асноўным мяккія і маласнежныя. Але ў любую зіму зараз птушкі лёгка могуць знайсці вадаём з адкрытай вадой або падсілкавацца на палях. Пры патрэбе лебедзі могуць пералятаць за дзень нават сотні кіламетраў.

Такія выпадкі вядомыя і беларускім арнітолагам, якія займаюцца кальцаваннем птушак. Кольцы могуць шмат расказаць не толькі пра паходжанне, але і пра паводзіны птушак.

У мяне былі акальцаваныя лебедзі ў Брэсце, – расказвае навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Іван Багдановіч. – У 2005 годзе была экстрымальна халодная зіма, цягам тыдня начная тэмпература апускалася ніжэй за 35 градусаў. Адной раніцай мае лебедзі зляцелі, а менш чым праз суткі іх бачылі ў Кракаве – за 300 кіламетраў ад Брэста. А на крыніцы ў раёне Мінскага мора кожны год зімавала пара лебедзяў з вывадкам, у студзені самка з птушанятамі знікала, а потым вярталася да самца адна. Аднойчы яе з птушанятамі назіралі з вывадкам пад Гданьскам, а праз два дні я яе бачыў з самцом на крыніцы ўжо без вывадка. То бок яна адвяла птушанят у цёплыя краі на традыцыйныя месцы зімоўкі, а сама вярнулася да самца.

Птица Лебедь
здымак: elements.envato

Для эканоміі энергіі лебедзі ў маразы мала рухаюцца. Такія паводзіны нармальныя і не сведчаць пра тое, што птушка хворая ці замярзае. Не трэба спрабаваць прагнаць птушку ці прымусіць яе рухацца: так яна патраціць каштоўную энергію без патрэбы і атрымае лішні стрэс. Тым больш не трэба спрабаваць злавіць птушку: ударам крыла лебедзь можа зламаць чалавеку руку.

Падкормліваць лебедзяў і іншых вадаплаўных птушак варта толькі тады, калі некалькі дзён стаіць мароз мінус 15 градусаў і ніжэй. Можна пачаставаць іх аўсянымі шматкамі, насыпаць уздоўж берага каля вады або лепш на плыткаводдзі ячменю або пшаніцы, даць ім дробна парэзанай свежай гародніны (морква, буракі, капуста).

Відэа пра падкормку

Калі моцных маразоў няма, ніякай падкормкі не трэба. Яны самі знойдуць падводную расліннасць або адлятуць падкарміцца на палях. Хлеб і батон, любімая многімі падкормка лебедзяў і качак, – непажаданы пачастунак, які дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў.

Дапамога патрэбная толькі тым аслабленым птушкам, якія відавочна спрабуюць, але не могуць зрушыць з месца; птушкам на беразе, якіх можна злавіць, у якіх выразна відаць пашкоджанне: напрыклад, птушка кульгае, валачэ крыло або заглынула кручок і ў яе з дзюбы вісіць лёска. Каб выратаваць такую птушку, паведаміце пра яе ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды ці Міністэрства па надзвычайных справах.

Птушкі могуць гінуць як ад прыродных, так і антрапагенных прычын, – кажа дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Ад апошніх (па віне чалавека) могуць загінуць і моцныя асобіны з добрым генафондам, трэба старацца дапамагаць такім птушкам выжыць. Гібель ад натуральных прычын і ёсць натуральны адбор, які адсейвае слабых птушак, каб яны не пакінулі патомства. Мы не рэкамендуем умешвацца ў прыродныя працэсы, але такіх птушак можна перадаць, напрыклад, у заапарк.

Калі вам вядомыя выпадкі палявання на лебедзяў – тэлефануйце на гарачую лінію Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Лебедзі-шыпуны і клікуны не ўключаныя ў Чырвоную кнігу, але як і іншыя птушкі – знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Калі вы ўбачылі лебедзя з жоўтай дзюбай – гэта хутчэй за ўсё лебедзь-клікун, які ўжо 20 гадоў як таксама гняздуе ў Беларусі.

Важна! На нагах у лебедзяў могуць быць металічныя кольцы, а на шыі пластыкавы жоўты ашыйнік з літарамі і лічбамі. Гэта птушкі, памечаныя арнітолагамі, якія вывучаюць перамяшчэнні птушак. У Беларусі адзначаны лебедзі-шыпуны амаль з 10 краін Еўропы. Ашыйнік птушцы не замінае, нават калі шыя вакол яго здаецца таўсцейшай: проста ў лебедзя выбіваюцца адтуль пёры, таму можа складвацца ўражанне “апухласці”. Ашыйнік ці кальцо трэба сфатаграфаваць і даслаць фота ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак разам з датай і месцам назірання:

bym.minsk@gmail.com

Калі вы пакінеце свае кантактныя дадзеныя, то праз нейкі час вам прыйдзе інфармацыя пра гэтую птушку: калі, кім і дзе яна была акальцавана.

На зіму ў Беларусі цяпер застаюцца не толькі лебедзі, але і іншыя пералётныя птушкі, напрыклад, белыя буслы. Звычайна гэта слабыя ці хворыя птушкі. Яны кормяцца на незамерзлых ручаях ці нават на сметніках. Але з кожным годам у АПБ паведамляюць пра больш буслоў, якія засталіся на зімоўку. І шмат якія добра перазімоўваюць.

Відэа з памяткай па тэме:

Кантактная асоба — Сямён Левы, 8 (029) 101-68-87, levy@ptushki.org

5 1 голос
Оцените статью
Подписаться
уведомления
0 Комментарий
Inline Feedbacks
Посмотреть все комментарии