Руіны вадзянога млына Каменнае-Крывое
Калі рухацца па трасе Р26 з Талачына ў Вішоў, па шляху можна ўбачыць закінуты вадзяны млын побач з Друцкам. Руіны адносяцца да вёскі Каменнае-Крывое, Талачынскага раёна. Будынак млына выкананы з чырвонай цэглы, трохпавярховы, па праекце даволі тыпавы.
Калі верыць таблічцы “Гістарычная спадчына”, ён быў пабудаваны напрыканцы 19 стагоддзя. Цалкам магчыма, што будаўніцтва млына звязана з родам Гардзялкоўскіх, у якіх была сядзіба ў Друцку. Зусім нядаўна першы паверх закансервавалі, а сам будынак спрабавалі прадаць на аўкцыёне, але пакуль беспаспяхова.
Руіны вадзянога млына ў Зэльве
Адна са славутасцяў у гарадскім пасёлку Зэльва гэта вось такі напаўзакінуты млынок. Сёння гэты цагляны будынак прыбывае ў даволі запушчаным выглядзе, але напрыканцы 19 – пачатку 20 стагоддзя прадстаўляў сабой цалкам тэхналагічны аб’ект.
Першапачаткова гэты млын быў чатырохпавярховы, на верхнім паверсе былі лічбы з датай будаўніцтва. Мясцовыя старажылы ўспаміналі што гэта 1884 год. Як выглядаў зэльвінскі млын раней, можна ўбачыць на старым ваенным здымку 1941 года. Архітэктура падобная, але на адзін паверх больш.

Пасля вайны млын даволі доўга стаяў у руінах, затым перабудаваны і выкарыстоўваўся аж да пачатку 90-ых. Пачынаючы з 2000-ых стан пабудовы толькі пагаршаецца. Цяпер на сцяне можна ўбачыць банэр аб продажы, хто ведае, можа быць і знойдзецца пакупнік які зможа аднавіць гэты аб’ект.
Руіны млына знаходзяцца на ўскраіне Зэльвы побач з ракой Зэльвянка. Каб дабрацца да месца проста рухайцеся да канца вуліцы 17 верасня. Галоўная цікавостка раённага цэнтра – Траецкі касцёл, абавязкова паглядзіце яго. Таксама рэкамендую заехаць у Сынкавічы, дзе захаваўся ўнікальны абарончы храм – царква святога Міхала Арханёла.
Старадаўні вадзяны млын у Відзах
Адна з невялічкіх, але цікавых, славутасцяў гарадскога пасёлка Відзы размешчана побач з масіўным і прыгожым касцёлам Нараджэння Дзевы Марыі, – гэта была вадзяны млын. Пабудова ўяўляе сабой цагляны цэх з высокім цокалем і мансардай з аднаго боку, а з іншага аднапавярховы корпус з надбудаваным драўляным паверхам.
У некаторых крыніцах пазначаецца што млын пабудаваны ў 1930 годзе. Хутчэй за ўсё, гэта не так. На старых здымках 1914 года, відаць, што Відзы ўжо шчыльна забудаваны і месца пад новы будынак відавочна не было. Куды верагодней што ў 30-ыя гады гэты млын пашырылі або перабудавалі пасля разбурэнняў Першай сусветнай вайны.
Уладальнікам млына называюць габрэйскага прадпрымальніка Гершку Гусмана, на чые грошы і быў перабудаваны млын. Акрамя таго пашыраны і яго функцыянал, у сутнасці на той перыяд часу гэта была шматфункцыянальная фабрыка. Пасля вайны будынак млына выкарыстоўвалі пад розныя гаспадарчыя і адміністрацыйныя патрэбы. У 90-ыя паспрабавалі рэканструяваць аб’ект, але на жаль не атрымалася. У выніку вадзяны млын стаіць напаўзакінутым у самым цэнтры гарадскога пасёлка Відзы.
У Відзах таксама можна паглядзець стараабрадніцкую царкву и руіны капліцы 1861 года.
Руіны вадзянога млына ў вёсцы Пятроўшчына
Недалёка ад вёскі Гарадок, Маладзечанскага раёна, можна ўбачыць руіны вадзянога млына, якія згадываюць як “Млын Каліноўскага”. Пабудова на жаль моцна запушчана, але знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе ракі Заходняй Бярэзіны. Пабудавана ў другой палове 19 стагоддзя, верагодна ў 1875 годзе, калі гэтыя землі належалі прадстаўнікам роду Корсакаў, у якіх у Пятроўшчыне быў свой маёнтак.
Млын выкананы з буйнога бутавага каменя і цэглы, мае плошчу каля 100 метраў квадратных. Што цікава, пабудову выкарыстоўвалі аж да канца 70-ых па прамым прызначэнні.
Некалькі гадоў таму млынок выставілі на продаж (аб’ект не з’яўляецца гістарычнай спадчынай), аднак пакупнік так і не знайшоўся, за гэты час паспеў абваліцца дах.
Разваліны млынка ў вёсцы Траскоўшчына
Калі рухацца ад Мінска на захад, то праз 40 хвілін і 40 кіламетраў вы патрапіце ў вёску Траскоўшчына, дзе часткова захаваліся руіны вадзянога млына 19 стагоддзя. Ад цэнтра населенага пункта крочым права і спускаемся да ўскраіны невялічкага вадаёма, дзе і знаходзіцца млын.
Добра бачна, што месца ўжо даўно закінутае, але ў ім ёсць пэўная эстэтыка. Да наведвання будзе дакладна цікава, а лес і рэчка побач дапаўняюць агульны краявід. Дарэчы ў вёсцы Траскоўшчына знаходзіцца закінутая школа, але гэта калі вы аматар падобных месцаў.
Паланэчка – руіны вадзянога млына 1819 года
Вёска Паланечка размясцілася ў дзясяткі кіламетраў ад трасы М1, на скрыжаванні двух дарог Н277 і Н295. Якраз на выездзе з яе і знаходзіцца вось такі закінуты млын. Вадзяны млынок быў узведзены на пачатку 19 стагоддзя, а ў падмурка нават захаваўся камень з лічбамі “1819” – дата, калі пачалося будаўніцтва.
На жаль ад млына засталіся толькі 2 сцены, на некаторых аконных праёмах яшчэ захаваліся рашоткі.

У самой вёсцы знаходзіцца Касцёл Святога Юр’я і палац Радзівілаў.
Закінуты вадзяны млын у вёсцы Узла (Вузла)
Тое, што некалі было вадзяным млыном, знаходзіцца на беразе ракі ў маляўнічым месцы Мінскай вобласці. Вёска Узла, ці як ягшэ кажуць Вузла, знаходзіцца недалёка ад трасы Р28. Калі ехаць у бок Нарачы, то па правым баку будуць бачныя гэтыя руіны.
Зараз ужо ад млына засталіся толькі бакавыя сцены, дах абваліўся, а ўся тэрыторыя парасла быльнікам, але ж мясціны тут сапраўды маляўнічыя.