У самым цэнтры мястэчка Воўчын у першай палове 18 стагоддзя быў збудаваны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Будаўнічыя работы над гэтым незвычайным храмам пачаліся яшчэ ў 1729 годзе, а скончыліся ўжо праз 4 гады. Воўчынскі касцёл сапраўды не назваць тыпавым праектам, бо падобныя збудаванні для Беларусі вялікая рэдкасць. Па форме, храм – гэта васьмігранная ратонда са складаным дахам і невялічкай глаўкай у завяршэнні.


Першапачатковы варыянт касцёла часткова змянілі ў 1770 годзе па праекце італьянскага архітэктара Якуба Хэмпеля. Цікава што ў шматлікіх крыніцах ёсць інфармацыя што за ўзор ён узяў рымскую царкву Санта Марыя Маджорэ. Аднак гэта малаверагодна, бо амаль нічога агульнага ў гэтых збудаванняў няма. Затое куды больш падобны яны з храмам у Дрэздэне – Фраўэнкірхэ, які будаваўся прыкладна ў той жа перыяд што і касцёл у Воўчыне.


Ёсць і яшчэ адзін храм, які вельмі нагадвае Воўчынскі, – ён знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, у Шчэчыцах. Гэты былая капліца-пахавальня Ябланоўскіх, што па архітэктуры і прапорцыях амаль копія касцёла, ну і яе таксама збудавалі ў першай палове 18 стагоддзя. Дарэчы, і ў горадзе Івацэвічах быў падобны архітэктурны помнік, але не збярогся.


Цікавы элемент у архітэктуры касцёла – адноўлены гадзіннік на вежы. Па чутках, часткі механізму, ды і сам цыферблат, знайшлі ў крыпце і ўжо па іх прапорцыях аднавілі выгляд гадзінніка, які быў тутака ў 18 стагоддзі.


Па краях даху ўзвышаліся 4 каменныя скульптуры евангелістаў, але да нашага часу захавалася толькі адна.

Галоўны ўваход у касцёл быў аздоблены своеасаблівым прытворам, перад якім узвышалася каменная брама.

Сцены ўпрыгожаны пілястрамі і барэльефамі, па архітэктуры храм адносіцца да стылю позняга барока з элементамі ракако.


Унутраная прастора святыні арганізавана ў выглядзе роўнага крыжа вакол васьміграннага ядра з дапамогай авальных у плане вуглавых памяшканняў, укампанаваных у гранёныя аб’ёмы. У кутах крыжа, акрамя ўваходнага, размяшчаюцца тры алтары. Кампактны інтэр’ер храма перакрыты плоскай столлю.


Пасля паўстання 1863 года, касцёл у Воўчыне зачынілі і нейкі час ён наўпрост пуставаў. З 1876 года будынак забралі ў праваслаўную царкву і ён быў нязначна перабудаваны.

У 1918 годзе, храм павярнулі католікам і да пачатку вайны ён зноў быў адкрыты для вернікаў. У гэты ж перыяд праведзена рэканструкцыя: на грошы мясцовых жыхароў адноўлены дах і атынкаваны сцены.


Воўчын – гэта малая радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай – Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нарадзіўся тутака ў 1732 годзе (прыкладна тады дабудоўваўся касцёл). Апошнія свае гады правёў удалечыні ад родных земляў і памёр у Пецярбургу, дзе яго і пахавалі. Аднак па дзіўным абставінам, у 1938 годзе, з Санкт-Пецярбурга ў Воўчын былі таемна перавезены астанкі Панятоўскага, а потым перапахаваны ў гэтым касцёле. Чаму Сталін дазволіў гэта? Застаецца толькі гадаць.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны будынак трапіў на баланс мясцовага калгаса, які “ўмела” выкарыстоўваў унікальны касцёл пад склад. Капліцу Панятоўскага ў 1950 годзе разрабавалі, а цела апошняга караля бясследна знікла. У канцы 90-ых храм стаяў у руінах, але ў 2009 годзе пачалася яго поўная рэканструкцыя, вынік якой можна паглядзець сёння.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы лёгка адшукай, з’яўляецца дамінантай пасёлка і размяшчаецца побач з дарогай Р9, якая цягнецца на Высокае. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У Воўчыне яшчэ можна паглядзець Мікалаеўскую царкву, а па суседстве з вёскай – былую сядзібу Пузынаў у Грымячы.








