Калі вы шукаеце незвычайныя гістарычныя мясціны Беларусі, то варта наведаць і Карэліцкі раён. Бо тутака ёсць сучасная вёска Першамайская, у якой захаваліся рэшткі сядзібнага комплексу «Обрына». На тэрыторыі гэтага некалі велічнага маёнтка ўсё яшчэ можна разгледзець будынкі часоў Раеўскіх-Кашыцаў.

Сам пасёлак Першамайскі (ці наўпрост Першамайская) да 1948 года называўся Обрынь (Обрына). Маёнтак у гэтых краях заклалі прадстаўнікі роду Обрынскіх яшчэ ў другой палове 16 стагоддзя. Ад іх фальварак перайшоў да іншых шляхетных родаў: Хадкевічаў, Раеўскіх і вядома Кашыцаў. Пры Раеўскіх і Кашыцах пабудавана ўнікальная сядзіба, архітэктурных аналагаў якой не было на тэрыторыі Беларусі.


Будаўніцтва сядзібы, (але мяркуючы па малюнку Напалеона Орды хутчэй гэта сапраўдны палац), пачалося яшчэ пры Канстанціне Дунін-Раецкім у 30-ых гадах, 19 стагоддзі. Асноўная забудова ўключала 5 будынкаў, а вакол іх размяшчаўся вялікі парк. Таксама на тэрыторыі меліся гаспадарчыя пабудовы, частку з якіх можна паглядзець і сёння.


Гісторыя сядзібы Кашыцаў «Обрына»
Маёнтак, які можна ўбачыць на старых здымках, сфармаваўся да 1839 года ўжо пасля смерці Канстанціна Раецкага. Ад яго сядзіба перайшла ва ўладанне яго дачкі Соф’і і яе мужа Юзафа Кашыцы, менавіта так у гісторыі Обрына з’яўляюцца прадстаўнікі іншага старажытнага роду Беларусі – Кашыцаў.


Сядзіба Кашыцаў-Раецкіх удала месцілася на беразе невялікага ручая Обрынка. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі займаў вялікі сядзібны дом, які чымсьці нагадваў сапраўдны замак.

Парадны бок вылучаўся масіўным порцікам і меў 2 паверха з мансардай, а паркавы – цэлых тры паверхі з цокалем. Злева ад галоўнага фасада была аформлены тэраса і ўязная алея з параднай для карэт. Нетыповы элемент забудовы комплексу – шматпавярховы флігель.



У адрозненне ад флігеля, сядзіба разбурана дашчэнту, на яе месцы зараз размяшчаецца невялічкі аднапавярховы будынак.

Да асноўнай часткі комплексу адносіліся і яшчэ 3 будынкі, добра заўважныя на старых здымках.

Гэтыя пабудовы былі выкананы з буйнога бутавага каменя, цэглы і дрэва, ад сядзібнага дома аддзяляліся каштанавай алеяй і дарогай з мастом.

Свіран, які цудам дайшоў да нас у выглядзе руін, меў тры паверхі, збудаваны ў 1839 годзе, пра гэта паведамляе закладны камень у падмурку.
Злева ад свірана знаходзіўся даволі незвычайны будынак – лямус. Ніжнія яго паверхі выкарыстоўваліся як лядоўня, а верхнія пад патрэбы працаўнікоў (усяго паверхаў было 4). Цікавы факт – на вежы лямуса размяшчаўся гадзіннік з курантамі, магчыма пры іх дапамозе паведамлялі аб пачатку і завяршэнні працоўнага дня. Другі флігель, даволі сціплы па памерах, размяшчаўся бліжэй да ракі і стайні.
Стайня будавалася ўжо ў познія часы Кашыцаў, на фасадзе захавалася дата – 1912 год.

Паркавая зона сядзібы Обрына не мела дакладнай мяжы – дрэвы не былі высаджаны ў лініі, – гэта надавала парку натуральны выгляд. Уздоўж алеі знаходзіліся і іншыя гаспадарчыя пабудовы: сыраварня, кузня і бровар. У валоданні Кашыцаў-Раеўскіх сядзіба заставалася да 1939 года, пакуль бальшавікі не канфіскавалі маёнтак. Сядзібу разбурылі ў ваенныя і раннія пасляваенныя гады. Апошняга ўладальніка маёнтка, Фелікса Кашыцу, расстралялі (яго падазравалі ў змове з немцамі).
Прагуляўшыся па парку ўздоўж ракі можна ўбачыць месца, дзе знаходзілася капліца-пахавальня Кашыцаў і магіла ўдзельнікаў паўстання 1863 года.

Обрынская каплічка мела даволі сціплыя памеры – 10 на 6 метраў. Уяўляла сабой аднапавярховы будынак: непасрэдна паверх капліцы (ён цалкам разбураны) і крыпту з арачнымі нішамі.
У гэтых нішах, іх дарэчы 10, хавалі памерлых прадстаўнікоў Кашыцаў. Аднак цікава, што ў адной з ніш ёсць і магільны камень з імем Канстанціна Раеўскага, – фундатара сядзібы.
Ён памёр у 1844 годзе, на той момант малаверагодна, што капліца ўжо існавала. Ёсць меркаванне, што яго перапахавалі тут у 1911 годзе, калі капліцу перабудавалі па загаду Фелікса Кашыца (апошняга ўладальніка Обрына).
У гэтай капліцы пахаваная і Соф’я з Кашыцаў (1874 год), у дзявоцтве Раеўская, якая і парадніла гэтых 2 старажытных роды.
Калі прайсціся ад капліцы цераз лес можна знайсці магілу, а дакладней памятны знак, усталяваны Канстанцінам Кашыцам у 1870 годзе.
Канстанцін быў актыўным удзельнікам паўстання 1863 года і за гэта ледзь не пазбавіўся свайго маёнтка.
Лёс капліцы Кашыцаў склаўся трагічна, зрэшты як і апошніх прадстаўнікоў гэтага роду. Фелікс Кашыц быў расстраляны ў 1943 годзе і пахаваны недзе на тэрыторыі сядзібнага комплексу. Каплічку пасля заканчэння вайны разабралі на цэглу, а магілы разрабавалі ў пошуках каштоўнасцяў. Некалькі гадоў таму зроблены сціплыя спробы акультурыць руіны капліцы і закласці нішы крыпты кратамі. Адшукаць гэтае месца можа быць складана, асабліва ўлетку, калі вакол зарастае быльнік. Ніжэй кропка з месцазнаходжаннем былой сядзібы Кашыцаў на мапе:
За тры кіламетры ад маёнтка Кашыцаў знаходзіцца вёска Ярэмічы, дзе можна наведаць старую царкву, пабудаваную ў 1867 годзе. Яшчэ адна цікавостка рэгіёну – руіны царквы ў вёсцы Беразавец.